“Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй” прызнаны два інтэрнэт-рэсурсы – Telegram-канал і акаўнт у Facebook “Вобласці падзей — Магілёў i ваколіцы”.
Рашэнне аб прызнанні прыняў 17 сакавіка 2026 года суд Ленінскага раёна Магілева. Пра гэта стала вядома з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, які вядзе міністэрства інфармацыі. Паводле яго, Telegram-канал «Вобласць падзей — Магілёў i ваколіцы» (ідэнтыфікатар t.me/padzeiby) і старонка ў Facebook з назвай «Вобласць падзей Магілёў i ваколіцы» (ідэнтыфікатар facebook.com/padzei.by) змяшчаюць інфармацыйны экстрэмізм ці экстрэмісцкую інфармацыю. У прынцыпе гэта не так важна, бо для суда, якому “не да законаў”, галоўнае паспрабаваць забараніць распаўсюджванне вольнага слова.
Увогуле Ленінскі суд Магілёва вельмі шчыруе на прызнанні экстрэмісцкім усяго таго, што не падабаецца лукашэнкаўскім уладам. Так, 18 акавіка 2026 года ён прызнаў экстрэмісцкім YouTube-канал SENS_belarus (ідэнтыфікатар youtube.com/@SENS_belarus). Канал мае амаль 10 тысяч падпісчыкаў, ён створаны намаганнямі міжнароднай журналісцкай і экспертнай супольнасці і транслюе навіны з Беларусі і свету.
У той жа дзень суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і відэаролік з назвай «Он не Батька. Как Лукашенко уничтожает Беларусь», размешчаны на YouTube-канале «Навальный LIVE» (ідэнтыфікатар youtube.com/@NavalnyLiveChannel).
Фотаздымак з адкрытых крыніц
