цэнтр

Перабралі з прэміямі і надбаўкамі – магілёўскіх бюджэтнікаў выявілі і пакаралі

Па выніках праверкі КДК галоўныя “загадчыкі гаспадаркі” Магілёўшчыны аштрафаваны на 1,6 тысячы рублёў за нямэтавае выкарыстанне 185 тысяч рублёў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці па выніках праверкі дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна» прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці Цэнтр і шэраг яго службовых асоб на агульную суму 1,6 тысячы рублёў.

Што гэта за арганізацыя?

Некалькі гадоў таму ў бюджэтнай сферы адбылася маштабная працэдура па “аптымізацыі” – ва ўсіх установах культуры і адукацыі зачыніліся бухгалтэрыі, а на замену ім прыйшоў цэнтралізаваны орган – гэты самы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна». Ён павінен быў забраць на сябе ўсе ключавыя функцыі па забеспячэнні функцыянавання бюджэтных арганізацый. 

Здавалася б, ідэя лагічная – будзе менш бухгалтараў і эканамістаў у штаце, а значыць, будзе эканомія бюджэту. Але на практыцы гэта прывяло да таго, што адбыўся разрыў паміж самой арганізацыяй і сістэмай яе забеспячэння, што і прывяло да непазбежных парушэнняў.

Парушылі ўсё, што можна

Да пакрыцця ў бюджэт Магілёўскага раёна прад’яўлена звыш 185 тысяч рублёў, неабгрунтавана выдаткаваных установай на прэміраванне і выплату надбавак работнікам сфер культуры і адукацыі.

Таксама кантралёрамі ўстаноўлены парушэнні пры правядзенні:

  • дзяржаўных закупак;
  • вядзенні бухгалтарскага ўліку;
  • складанні статыстычнай справаздачнасці;
  • распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю;
  • ўзаемадзеянні з пасярэдніцкімі структурамі і іншыя.

Асаблівае замілаванне выклікае фармулёўка “і іншыя”. Здавалася б, спецыялісты па забеспячэнні бюджэтнікаў парушылі ўсё, што можна было парушыць. Аказваецца, мяжы дасканаласці няма.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва