следчы

У Магілёве галоўны следчы краіны ўспомніў справу “Ліфцёра”, да якой дачынення не мае

На нарадзе ў Магілёве былы спікер КДБ Канстанцін Бычак успомніў пра старое злачынства. Але якія справы мінулых гадоў сёння важнейшыя для сістэмы?

На нарадзе ў Магілёве старшыня Следчага камітэта Канстанцін Бычак гаварыў пра раскрыццё злачынстваў мінулых гадоў.

У якасці самага моцнага прыкладу ў гэтай тэме непазбежна ўспамінаецца справа магілёўскага маньяка-ліфцёра, 53-гадовага мужчыны, якога следства звязвае з серыяй нападаў на дзяўчат і дзяўчынак у 1990-я гады.

Гэта сапраўды той выпадак, дзе словы пра справядлівасць не выглядаюць пустымі. Злачынствы адбываліся ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях, а падазраванага знайшлі толькі праз дзесяцігоддзі.

Але ў цяперашняга гучнага аповеду Бычака ёсць цікавы нюанс. Да фактычнага раскрыцця гэтай справы цяперашні старшыня Следчага камітэта дачынення мець не мог: на пасаду кіраўніка СК яго прызначылі 23 снежня 2025 года, а да гэтага Бычэк быў спікерам КДБ па палітычных тэмах.

Напрыклад, у лістападзе 2024 года Бычак “раскрываў” справу тэрарыстычных ячэек “беглых”.

І вось тут размова пра злачынствы мінулых гадоў становіцца значна шырэйшай. Калі гаворка ідзе пра старыя забойствы, згвалтаванні і знікненні людзей – такая праца патрэбная. Але калі пад справы мінулых гадоў пачынаюць падводзіць старыя падпіскі, рэпосты, каментары і ўдзел у медыя, якім статус ‘экстрэмісцкіх’ прысвоілі заднім чыслом, гэта ўжо не пра справядлівасць. Гэта пра палітычны кантроль у цэлым і пра Канстанціна Бычака ў прыватнасці.

Пакуль ён адзначыўся толькі як публічны кадэбіст, які ніколі не займаўся раскрыццём старых забойстваў, а спецыялізаваўся на рыторыцы барацьбы з палітычнымі праціўнікамі і паслужліва прасоўваў тэму “справядлівасці” вайны супраць Украіны.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва