Магілёвец Дзяніс Мельнікаў і бабруйчанін Аляксандр Грыневіч выконваюць шпіёнскую працу пад дыпламатычным прыкрыццём, высветліла ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў Belpol.
На YouTube з’явіўся фільм Belpol “Шпіёны Лукашэнкі па ўсім свеце”. “У новым расследаванні раскрываем сетку лукашэнкаўскіх шпіёнаў, якія дзейнічаюць пад дыпламатычным прыкрыццём у дзясятках краін свету. Пад выглядам дыпламатаў, дарадцаў, аташэ і супрацоўнікаў пасольстваў за мяжой працуюць прадстаўнікі КДБ і ГРУ Беларусі. Іх задачы – разведка, сачэнне за беларусамі за мяжой, ціск на дэмакратычныя сілы, дапамога рэжыму Лукашэнкі ў абыходзе санкцый і ўзаемадзеянне з расійскімі спецслужбамі”, – гаворыцца ў апісанні фільму, які названы першай часткай масштабнага расследавання.
Сярод раскрытых шпіёнаў, якія працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой, названы двое ўраджэнцаў Магілёўскай вобласці.
Так, у беларускай амбасадзе ў Швейцарыі пад выглядам дарадцы, які курыруе пытанні бяспекі і адміністратыўныя пытанні, працуе супрацоўнік КДБ Дзяніс Мікалаевіч Мельнікаў, 1979 года нараджэння, родам з Магілёва. Служыў ва Упраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці, а потым у Цэнтральным апараце КДБ з 2015 года. Цяпер месцам яго рэгістрацыі з’яўляецца Мінск, вуліца Нёманская. Ініцыятыва высветліла, што яго бацька таксама быў супрацоўнікам КДБ.
У Расіі, як сведчаць расследавальнікі, найбольш шырокая і разгалінаваная сетка лукашэнкаўскіх шпіёнаў. Адзін з іх – былы супрацоўнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, а цяпер дарадца беларускай амбасады ў Маскве, паўнамоцны прадстаўнік Беларусі пры АДКБ Аляксандр Яўгенавіч Грыневіч. Служыў таксама у дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Беларусі.
Ён нарадзіўся ў Бабруйску ў 1966 годзе. Ваенны пенсіянер. Цяпер зарэгістраваны ў вёсцы Чудзенічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці, дзе пабудаваў цэлы маёнтак з некалькіх збудаванняў.
Расследавальнікі падкрэсліваюць, што пералічылі толькі афіцэрскі склад агентуры. У наступнай частцы яны абяцаюць прадставіць шпіёнаў, даўно ўкаранёных у МЗС, а таксама шпіёнаў беларускага дыктатара ў іншых краінах свету.
Фотаздымак: Belpol
