У Бабруйск прыязджаў першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец – сустракаўся з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу.
Мяркуючы па адзіным здымку, які трапіў у справаздачу, дыялогавая пляцоўка першага намесніка міністра эканомікі з бізнесам усяго Бабруйска асаблівага наплыву не выклікала: пярэднія рады пустыя, за сталом прэзідыума – чацвёра чыноўнікаў і ніводнага прадпрымальніка.
Сярод тэм, якія абмяркоўвалі за сталом разам з падаткамі і кадрамі, аказалася «срэбнае прадпрымальніцтва»: чыноўнік тлумачыў, чаму людзям, якія перасягнулі пенсійны парог, варта адкрываць сваю справу.
У справаздачы пра сустрэчу гэтая тэма заняла больш месца, чым усе астатнія разам узятыя.
Супадзенне па датах тлумачыць цікавасць. Напярэдадні, 26 жніўня, Міністэрства эканомікі і Праграма развіцця ААН запусцілі новы этап адукацыйнага праекта для прадпрымальнікаў старэйшых за 50 гадоў – гэтым разам пра лічбавыя інструменты.
Першы этап ішоў з 2025 года: навучанне прайшлі каля 500 чалавек на базе цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва ў дзесяці гарадах, уключаючы Магілёў, а са 165 заявак у ментарскую праграму адабралі 55 удзельнікаў. Вынікам стала так званае каробачнае рашэнне – набор методык, разасланы па ўсіх цэнтрах краіны.
Навошта гэта дзяржаве
Афіцыйная рыторыка вакол праекта пабудавана на годнасці: жыццёвы досвед, запатрабаванасць, адмова задавольвацца ўнукамі і прысядзібным участкам. Але эканамічная логіка ў бабруйскай справаздачы прагаворана без усялякай дыпламатыі – працуючыя пенсіянеры і перадпенсіянеры не патрабуюць дапамог, а самі плацяць падаткі ў бюджэт.
Гэта і ёсць сутнасць. Беларуская пенсійная сістэма салідарна-размеркавальная: узносы працуючых ідуць на выплаты цяперашнім пенсіянерам. Пенсіянераў у краіне каля 2,3 мільёна – прыкладна чвэрць насельніцтва, і доля гэта расце. Фон, на якім чыноўнікі загаварылі пра «срэбнае прадпрымальніцтва», выглядае так:
- нараджальнасць за восем гадоў упала амаль удвая; у 2024 годзе на кожную тысячу насельніцтва прыпала 6,5 народжаных і 12,6 памерлых – амаль двое памерлых на аднаго народжанага;
- з 2020 па 2025 год насельніцтва краіны скарацілася на 300 тысяч чалавек, прычым тых, хто з’ехаў, афіцыйная статыстыка практычна не бачыць;
- колькасць тых, хто пакінуў Беларусь пасля 2020 года, намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў яшчэ ў 2023 годзе ацэньваў у 350 тысяч, незалежныя даследчыкі – у 500-600 тысяч; з’язджалі пераважна людзі працаздольнага ўзросту;
- на рынак працы выходзіць малалікае пакаленне народжаных у дзевяностыя і двухтысячныя, а сыходзіць шматлікае пакаленне шасцідзясятых – амаль кожны пяты работнік у краіне блізкі да пенсійнага ўзросту або ўжо яго дасягнуў;
- замяшчальная кадравая патрэба на 2026-2030 гады ацэнена больш чым у 300 тысяч работнікаў.
Дзяржпраграма «Збалансаваны рынак працы» называе старэнне насельніцтва сістэмным выклікам наўпрост.
Эканоміка пры гэтым застаецца затратнай: дзяржсектар новых працоўных месцаў не стварае, а ўтрымліваць усё большую колькасць пенсіянераў даводзіцца за кошт усё меншай колькасці працуючых.
Пры гэтым пенсійная сістэма даражэе. На 2026 год пенсіі па ўзросце непрацуючым пенсіянерам павысілі ў сярэднім на 14,5 працэнта, да прыкладна 1100 рублёў, а суадносіны сярэдняй пенсіі да сярэдняга заробку заклалі на ўзроўні 37,1 працэнта. Тым, хто не набраў дваццаці гадоў страхавога стажу, працоўная пенсія не належыць увогуле – ім застаецца сацыяльная, з лістапада 2025 года гэта 245,54 рубля ў месяц. Пенсіянер, які сам сабе стварыў занятасць, здымае з бюджэту адразу дзве нагрузкі: не прэтэндуе на даплаты і працягвае плаціць узносы.
Мінус чвэрць прадпрымальнікаў за пяцігодку
Праблема ў тым, куды менавіта яго клічуць. Той сектар, у які прапануюць увайсці людзям старэйшага ўзросту, дзяржава паслядоўна сціскае ўжо некалькі гадоў. Паводле даных Белстата, на пачатак 2021 года ў Беларусі было каля 269,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, на 1 сакавіка 2026 года засталося 202 453 – мінус чвэрць за пяцігодку і мінус 14 працэнтаў толькі за апошнія дванаццаць месяцаў. У Магілёўскай вобласці на тую ж дату налічвалася 21 377 ІП.
І зноў прычына названа наўпрост: з 1 студзеня 2026 года ўступіла ў сілу абмежаванне пераліку дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў відаў дзейнасці. Тым, чый занятак у новы спіс не трапіў, прапанавалі спрошчаную перарэгістрацыю ў юрыдычную асобу – у 2025 годзе гэтай магчымасцю скарысталіся 4604 прадпрымальнікі, з пачатку 2026-га яшчэ 839. Астатнія дзясяткі тысяч проста закрыліся.
Плацельшчыкі ўзносаў замест бізнесу
Атрымліваецца канструкцыя, у якой адна рука скарачае поле для малога бізнесу, а другая запрашае на гэтае поле пяцідзесяцігадовых. Логіка тут не супярэчлівая, а цалкам паслядоўная, калі глядзець не на рыторыку, а на бюджэт. Дзяржаве не патрэбны незалежны малы бізнес – ёй патрэбны плацельшчыкі ўзносаў, якія нічога не просяць узамен. Індывідуальны прадпрымальнік з наёмнымі работнікамі і ўласным інтарэсам у гэтай схеме лішні, а пенсіянер, які аформіў рамесніцтва або самазанятасць дома, – ідэальная фігура.
У Бабруйску ўдзельнікі сустрэчы, мяркуючы па справаздачы, папрасілі праводзіць такія дыялогавыя пляцоўкі часцей і ў пашыраным фармаце. Пытанне пра тое, колькі бабруйскіх ІП зняліся з уліку за апошні год, на пляцоўцы, мяркуючы па ўсім, не прагучала.
Ёсць, зрэшты, і нагода для асцярожнага аптымізму. У сярэдзіне дзевяностых Лукашэнка абяцаў праз некалькі гадоў паціснуць руку апошняму прадпрымальніку. Трыццаць гадоў праз прадпрымальнікаў усё яшчэ дзвесце тысяч, і руку паціскаць пакуль няма каму. Як і амаль усе астатнія планы дзядка, гэты не рэалізаваўся.
Фота bobrlife.
