Пад нашым ролікам пра суцэльную лічбавізацыю на малочным комплексе ў аграгарадку Мокрае Быхаўскага раёна з’явіўся каментар: няма чаго ўспамінаць, што было дзесяць гадоў таму, а праблемы асвятляйце, калі яны пачнуцца.
Прапанова прынята. Ніжэй – даты і лічбы з адкрытых крыніц, у асноўным з самой раённай газеты.
Гісторыя «Макранскага»
16 снежня 2009 года УКСП «Макрянскі» перайменавана ў ААТ «Макранскі». 18 чэрвеня 2010 года таварыства далучана да ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» і стала яго філіялам са спецыялізацыяй на агародніцтве. Самастойнай гаспадаркі ў Мокрым з гэтага дня няма – ёсць сыравінная зона завода.
Праз год, 25 жніўня 2011 года, раённая газета падводзіць вынікі сямі месяцаў у жывёлагадоўлі: па раёне валавыя надоі знізіліся на сем працэнтаў, прадуктыўнасць дойнага статка склала 89 працэнтаў да леташняй. Загаловак нататкі – «Негативные тенденции преодоливаются» – ужо тады ў «Маяка Прыдняпроўя» фіксаваліся праблемы з граматыкай.
У лістападзе 2011 года ў Мокрым адкрываюць пладаагароднінасховішча на 500 тон. Сімвалічны ключ дырэктару філіяла Ніне Назарэвіч уручае начальнік Быхаўскай ПМК-247, стужку рэжуць разам са старшынёй аблвыканкама Пятром Руднікам.
24 лютага 2012 года Назарэвіч справаздачыцца за папярэдні год: гароднінай заняты 401 гектар, сабрана 3743 тоны – у два з паловай раза больш, чым у 2010 годзе; зялёнага гарошку 1228 тон пры ўраджайнасці 41 цэнтнер з гектара, найлепшы вынік у вобласці; выручка 1,62 мільярда рублёў. У тым жа інтэрв’ю дырэктар пералічвае, што стрымлівае: цэны, па якіх завод забірае прадукцыю, блізкія да сабекошту, разлікі за сыравіну ідуць несвоечасова і не ў поўным аб’ёме, а на сельскагаспадарчую вытворчасць уплывае закрэдытаванасць завода.
5 кастрычніка 2012 года на заводзе праходзіць рэспубліканскі семінар-нарада з удзелам старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Івана Данчанкі, першага намесніка міністра гандлю Аляксандра Забела і намесніка старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Дырэктар завода Сяргей Віктаравіч Грамыка распавядае пра дзвесце найменняў прадукцыі і пастаўкі ў ЗША і Канаду. Экспарт за дзевяць месяцаў – 12,9 працэнта, сярэдні паказчык па краіне.
4 верасня 2012 года ў Мокрым святкуюць сёмыя «Дажынкі»: 10 050 тон збожжа і 1067 тон зялёнага гарошку, сёмая частка раённага намалоту. Прымаючы сноп, Назарэвіч абяцае на наступны год 10 500 тон, а калі добра пастарацца – усе адзінаццаць тысяч.
24 снежня 2012 года старшыня райвыканкама Дзмітрый Калееў аб’язджае фермы філіяла. На ферме ў Ліпоўцы а сёмай вечара ў бычкоў недастаткова кармоў на ўсю ноч, вада ў паілках замерзла, жывёла не напоена, вартаўніка на месцы няма, тэрыторыя не асветлена. На комплексе ў Баркалабаве ў большасці кароў няма паілак; загадчыца запэўнівае, што жывёлу паілі з вёдраў, але паднесенае старшынёй вядро каровы выпіваюць наперабой. Адна паілка каштуе 140 тысяч рублёў.
У красавіку 2013 года, падводзячы вынікі першага квартала, райвыканкам адносіць філіял да тых, хто адстае – «які раней хадзіў у перадавіках», а сам завод называе адным з двух стратных прадпрыемстваў раёна. Другое – ПМК-247, тая самая, што будавала сховішча.
У 2014 годзе высвятляецца, што на даўгі завода можна пабудаваць два такія ж. Уводзіцца антыкрызіснае кіраванне. 12 красавіка 2014 года дырэктарам філіяла значыцца Генадзь Аўдзеенка.
Праз тры месяцы, 9 ліпеня 2014 года, на раённым семінары гаспадарку прадстаўляе выконваючая абавязкі дырэктара Таццяна Балутэнка. У снежні 2018 года філіял па-ранейшаму без пастаяннага кіраўніка.
У 2019 годзе эканамічны суд зацвярджае план санацыі завода, тэрмін падаўжаюць да 14 ліпеня 2022 года. У лістападзе 2021 года раённае аб’яднанне прафсаюзаў зноў называе філіял адной з перадавых гаспадарак раёна. У снежні 2022 года суд прымае рашэнне аб ліквідацыі завода, агульная сума даўгоў – амаль 11,4 мільёна рублёў. Ліквідацыю завяршаюць у верасні 2024 года.
28 жніўня 2023 года ў Мокрым зарэгістравана КУП «Макранскі АГРА». 30 снежня 2025 года там адкрываюць малочнатаварны комплекс «Юбілейны» на 756 кароў – адзін з сямі, уведзеных у Магілёўскай вобласці ў адзін дзень. Пра яго і зняты ролік пра лічбавізацыю.
Магазіны Дзяніса Назарэвіча
14 жніўня 2014 года ў вёсцы Мокрае на вуліцы Камсамольскай рэгіструецца ЧПТУП «Назарэвіч Стандарт». Дырэктар – Дзяніс Назарэвіч, сын Ніны Назарэвіч (дырэктаркі філіяла ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» з 2011 года). Паводле адукацыі юрыст-правазнаўца, скончыў Акадэмію МУС, працаваў оперупаўнаважаным Маскоўскага РАУС Мінска, затым займаўся таксі, аўтамабілямі і шынамантажом, нерухомасцю і арэндай.
7 лістапада 2014 года раённая газета паведамляе, што ў Быхаўскім раёне з’явіліся дзве новыя крамы. Адна з іх – у аграгарадку Мокрае, агульная плошча 90 квадратных метраў, гандлёвая – 60, працуе з васьмі раніцы да дзесяці вечара. Усяго ў раёне на той момант 217 гандлёвых аб’ектаў.
Праз год адкрываецца другая крама – «Скідачка» ў Быхаве на вуліцы Грышына. У красавіку 2016 года газета піша пра краму ў Мокрым: шматлюдна, хлеб вязуць з Быхава, Магілёва і Клічава.
Да лютага 2022 года прадпрыемству належаць восем крам, чатыры з іх сельскія. Доля ў тавараабароце Быхаўскага раёна – 11 працэнтаў, другое месца пасля райспажыўтаварыства.
Падобна, што ЧПТУП «Назарэвіч Стандарт» пашыралася паралельна са звужэннем актываў завода і яго сельскагаспадарчага філіяла:
| Дата | Гаспадарка і завод | Магазіны |
|---|---|---|
| 16 снежня 2009 | УКСП «Макранскі» перайменавана ў ААТ «Макранскі» | |
| 18 чэрвеня 2010 | ААТ далучана да Быхаўскага КОСЗ, стала філіялам | |
| 25 жніўня 2011 | Па раёне надоі мінус сем працэнтаў, прадуктыўнасць 89 працэнтаў да 2010 года | |
| лістапад 2011 | Адкрыта пладаагароднінасховішча на 500 тон | |
| 24 лютага 2012 | Гародніны 3743 тоны, у 2,5 раза больш за 2010 год; дырэктар гаворыць пра закрэдытаванасць завода | |
| 4 верасня 2012 | «Дажынкі»: 10 050 тон збожжа, абяцанне давесці да 11 тысяч | |
| 5 кастрычніка 2012 | Рэспубліканскі семінар на заводзе, экспарт 12,9 працэнта | |
| 24 снежня 2012 | Аб’езд ферм: Ліпаўка без кармоў і вартаўніка, Баркалабава без паілак | |
| красавік 2013 | Філіял аднесены да тых, хто адстае, завод – да двух стратных прадпрыемстваў раёна | |
| 2014 | На заводзе ўведзена антыкрызіснае кіраванне | |
| 12 красавіка 2014 | Дырэктар філіяла – Генадзь Аўдзеенка | |
| 9 ліпеня 2014 | Гаспадарку прадстаўляе выконваючая абавязкі дырэктара | |
| 14 жніўня 2014 | Зарэгістравана ЧПТУП «Назарэвіч Стандарт», вёска Мокрае | |
| 7 лістапада 2014 | Адкрыта першая крама ў аграгарадку Мокрае, 90 квадратных метраў | |
| 2015 | Адкрыта «Скідачка» ў Быхаве на вуліцы Грышына | |
| 21 красавіка 2016 | Раённая газета піша пра краму ў Мокрым | |
| снежань 2018 | Філіял працуе без пастаяннага дырэктара | |
| 2019 | Суд зацвярджае план санацыі завода | |
| лістапад 2021 | Філіял зноў названы адной з перадавых гаспадарак раёна | |
| 17 лютага 2022 | Восем крам, 11 працэнтаў тавараабароту раёна, другое месца пасля райспажыўтаварыства | |
| снежань 2022 | Рашэнне аб ліквідацыі завода, даўгі амаль 11,4 мільёна рублёў | |
| 28 жніўня 2023 | Зарэгістравана КУП «Макранскі АГРА» | |
| верасень 2024 | Ліквідацыя завода завершана | |
| 30 снежня 2025 | Адкрыты малочнатаварны комплекс «Юбилейный» на 756 кароў |
Каментатар прапанаваў асвятляць праблемы, калі яны пачнуцца. Судзячы па ўсім яны пачаліся ў жніўні 2011 года, а цяпер толькі працягваюцца.
Фота з адкрытых крыніц.
