Стан пастаяннага чакання, вымушаныя аднолькавыя дзеянні, доўгае знаходжанне ў агрэсіўным натоўпу найбольш болесна ўплывае на свядомасць, сцвярджае экс-палітвязень калоніі №15 Магілёва Цімур Піпія.
Палітвязень выйшаў з калоніі два месяцы таму. За кратамі ён правёў шэсць гадоў, пяць з іх прасядзеў у магілёўскай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Першыя два з паловай гады мужчына не меў спатканняў і амаль ніякай сувязі з сям’ёй. У калоніі ён даведаўся пра смерць маці, перажываў за затрыманага следам за ім малодшага брата і паступова прывыкаў да жыцця, у якім кожны дзень амаль не адрозніваецца ад папярэдняга.
Пасля вызвалення Цімур распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна», што найбольш цяжкім выпрабаваннем для яго сталі не асобныя пакаранні, а сама турэмная паўсядзённасць.
Катаванне часам
Жыццё ў калоніі падпарадкавана строгаму распарадку. Пад’ём, праверка, чаканне, шыхтаванне, праца, зноў праверка. Так адбываецца дзень за днём.
Паводле Цімура, чалавек увесь час чакае, пакуль яго палічаць, выведуць у сталовую, прапусцяць на прамысловую зону або дазволяць вярнуцца ў атрад. Часам вязні стаялі на вуліцы да паўтары гадзіны пры любым надвор’і, не маючы права прысесці або адысці. Ён падлічыў, што за гады зняволення некалькі месяцаў яго жыцця прайшлі выключна ў такім бессэнсоўным чаканні.
Менавіта ў чарзе, натоўпе і вымушанай бяздзейнасці часцей за ўсё ўзнікалі канфлікты. Сотні дарослых мужчын заставаліся без асабістай прасторы, пастаянна сутыкаліся адзін з адным і жылі ў стане напружання.
Нават выходныя не заўсёды прыносілі адпачынак. Іх маглі заняць праверкамі знешняга выгляду, шыхтаваннямі або прымусовым праглядам прапагандысцкіх праграм.
Кожную раніцу Цімур найперш бачыў на сваёй бірцы лічбы тэрміну. Яны нагадвалі, колькі гадоў яшчэ заставалася да вызвалення, і ператваралі чарговы дзень у паўтарэнне папярэдняга.
Выгляд бывае падманлівым
Калонія прымусіла яго перагледзець уяўленні пра чалавечую сілу. Фізічна моцныя мужчыны і спартсмены часам ламаліся праз дробныя бытавыя нязручнасці або былі гатовыя супрацоўнічаць з адміністрацыяй дзеля невялікіх палёгак. У той жа час ціхія настаўнікі, навукоўцы і іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі дэманстравалі значна большую цвёрдасць.
Паводле Цімура, у экстрэмальных умовах знешнасць, прафесія і фізічная падрыхтоўка перастаюць нешта значыць. Застаецца толькі здольнасць чалавека не адмовіцца ад сваіх прынцыпаў.
Адрознівалася і стаўленне адміністрацыі да розных груп палітвязняў. Асуджаныя за вулічныя пратэсты і сутыкненні з сілавікамі маглі выклікаць у маладых супрацоўнікаў своеасаблівую павагу. Да людзей, пакараных за каментары і допісы ў інтэрнэце, часта ставіліся дэманстратыўна пагардліва. Так у калоніі нават палітвязняў дзялілі на больш і менш «годных» праціўнікаў.
Іерархія прыніжэння
Адным з галоўных сродкаў ціску была пагроза прысваення так званага нізкага статусу. Адміністрацыя выкарыстоўвала непісаныя правілы крымінальнага асяроддзя, каб прымусіць чалавека падпарадкавацца. Палітвязню маглі забараніць карыстацца пэўнымі рэчамі, паставіць у апошнюю чаргу ў краму або стварыць сітуацыю, якая ў турэмнай субкультуры лічылася прыніжальнай. Частку такой працы выконвалі самі асуджаныя, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй.
Цімур лічыць асабліва цынічным тое, што людзі, асуджаныя за палітычную дзейнасць, у калоніі маглі мець менш правоў, чым асуджаныя за злачынствы супраць дзяцей. Апошнія атрымлівалі спатканні і карысталіся абаронай адміністрацыі, а за канфлікт з імі палітвязня маглі адправіць у ШІЗА.
Гады без голасу родных
Сувязь з сям’ёй цалкам залежыла ад рашэнняў супрацоўнікаў калоніі. Нават калі фармальна чалавек меў права на тэлефонную размову або спатканне, аператыўны супрацоўнік мог проста не дазволіць іх. Цімур ведаў вязняў, якія па тры-чатыры гады не бачылі родных і не чулі голасу маці. Сам ён два з паловай гады быў пазбаўлены спатканняў, а больш за год не мог атрымліваць пасылкі.
Сустрэча з сям’ёй, паводле экс-палітвязня, давала чалавеку сілы на некалькі месяцаў. Калі ж гэты мост з воляй перарывалі, час у калоніі пачынаў ісці яшчэ павольней.
Для Цімура асабліва цяжкім стала затрыманне малодшага брата. Палітвязень адчуваў, што не можа абараніць яго і іншых родных ад допытаў і ціску, якім яны падвяргаліся праз дапамогу зняволенаму.
Клопат пра двух братоў фактычна лёг на малодшую сястру Луізу, якая ў маладым узросце была вымушаная стаць галоўнай апорай сям’і.
Кабінет псіхолага як знак бяды
Фармальна ў калоніі працавала псіхалагічная служба. Зняволеныя маглі звяртацца па дапамогу, некаторым нават прызначалі антыдэпрэсанты. Аднак сярод вязняў кабінет псіхолага меў зусім іншую рэпутацыю.
Звычайна чалавека выклікалі туды пасля таго, як адміністрацыя даведвалася пра смерць сваяка, развод або іншую трагедыю ў сям’і. Таму адны толькі дзверы гэтага кабінета выклікалі страх.
Цімур таксама даведаўся пра смерць маці ў адміністрацыйным памяшканні калоніі. Тагачасны начальнік установы Аляксей Лазарэнка паведаміў яму навіну і дазволіў тры дні не ўдзельнічаць у праверках і іншых рэжымных мерапрыемствах.
Брату Цімура пра смерць маці паведамілі інакш – крыкнулі праз кармушку камеры ШІЗА, суправадзіўшы навіну здзеклівымі каментарамі.
Вайна дайшла і да калоніі
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны атмасфера ў калоніі стала больш жорсткай. Цімур заўважыў, што супрацоўнікі праецыравалі знешнюю агрэсію на палітвязняў. Адначасова сталі адчувальнымі і наступствы санкцый.
Прамысловая зона губляла замежныя замовы, частка вытворчасцяў спынялася. Каб вязні не заставаліся без працы, іх прымушалі займацца бессэнсоўнай дзейнасцю, напрыклад, перабіраць смецце.
Сярод палітвязняў не было адзінага стаўлення да магчымага зняцця санкцый у абмен на вызваленне людзей. Тыя, хто знаходзіўся за кратамі з 2020 года, часта лічылі, што скасаванне ціску на ўлады будзе здрадай агульнай мэты.
Плюсы і мінусы публічнасці
Навіны пра палітвязняў усё ж траплялі за калючы дрот праз лісты, адвакатаў, сваякоў і нават дзяржаўную прапаганду, якую вязні навучыліся разумець між радкоў. Веданне, што пра іх памятаюць на волі, дапамагала не страціць сэнс.
Аднак увага медыя магла мець і адваротны бок. Калі імя вязня часта з’яўлялася ў незалежных выданнях, у калонію магла прыехаць праверка з Мінска. Каб паказаць, што чалавек знаходзіцца пад жорсткім кантролем, адміністрацыя адпраўляла яго ў ШІЗА.
Сам Цімур пасля вызвалення апынуўся перад выбарам: маўчаць дзеля бяспекі тых, хто яшчэ сядзіць, або расказваць пра сістэму. Ён выбраў публічнасць, але стараецца не называць дэталяў, якія могуць нашкодзіць канкрэтным людзям.
Паводле яго назіранняў, супрацоўнікі калоніі ўважліва сачылі за публікацыямі і баяліся трапіць у санкцыйныя спісы. Начальства магло зачытваць вязням фрагменты інтэрв’ю былых асуджаных, спрабуючы высмеяць або абвергнуць іх сведчанні. Аднак за паказной бравадай часта хаваўся страх перад будучай адказнасцю.
Воля – час рэфлексіі
Навіны пра памілаванні ў калоніі сустракалі не толькі з надзеяй, але і са скепсісам. Асабліва балюча ўспрымаліся выпадкі, калі вызвалялі людзей, якім заставалася адбыць некалькі месяцаў, у той час як іншыя з вялікімі тэрмінамі не мелі ніякай перспектывы.
Цімур прасіў родных не паведамляць яму чутак пра магчымае вызваленне. У турме ілжывая надзея магла стаць мацнейшым ударам, чым яе поўная адсутнасць.
У калоніі Цімур паставіў перад сабой адну задачу – выйсці жывым, фізічна здаровым і здольным дапамагаць сям’і. Ён стараўся пазбягаць непатрэбных канфліктаў і не дазваляць сістэме знішчыць яго цела і псіхіку. Але пасля вызвалення высветлілася, што шэсць гадоў эмацыйнага кантролю не знікаюць адразу за турэмнымі варотамі.
У першыя тыдні волі пачаўся своеасаблівы эмацыйны выбух. Слёзы маглі з’явіцца падчас прагляду навін або выпадковага ўспаміну пра маці. Свет, які працягваў жыць сваім звычайным жыццём, здаваўся чужым.
Цімур не лічыць сябе зламаным і не хоча, каб да яго ставіліся як да бездапаможнага чалавека. На яго думку, яму патрэбна не пастаянная апека, а час, каб зноў навучыцца жыць па-за турэмным распарадкам.
За два дні, якія ён правёў у Беларусі пасля вызвалення, мужчына заўважыў, наколькі моцна краіна напоўнілася страхам. Таму для яго гісторыя не скончылася пасля выхаду з калоніі. Цімур лічыць сваім абавязкам памятаць пра тых, хто застаўся за кратамі, і расказваць пра сістэму, якая карае людзей не толькі ШІЗА, забаронамі і прыніжэннем, але і тысячамі аднолькавых дзён, выкінутых з чалавечага жыцця.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”
