Назіральная камісія пры Краснапольскім райвыканкаме падвяла вынікі першага паўгоддзя. Праца кіпела:
- шэсць пасяджэнняў, адно з іх выязное – у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама;
- два пасяджэнні правялі сумесна з «Кірмашом вакансій», у іх прынялі ўдзел 11 грамадзян;
- наведалі чатыры арганізацыі – тыя, дзе працуюць асуджаныя да грамадскіх і папраўчых работ а таксама да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Па выніках наведванняў устаноўлена, што ўмовы выканання пакаранняў адпавядаюць патрабаванням заканадаўства.
На пасяджэннях разглядалі садзейнічанне ў працаўладкаванні, заслухоўвалі інфармацыю аб зніжэнні ўзроўню рэцыдыўнай злачыннасці і аб рабоце з тымі, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі або вярнуўся з ЛПП.
Ніводнай лічбы па гэтых пунктах у выніках няма. Невядома, колькі чалавек працаўладкавана, якім стаў узровень рэцыдыву, колькім дапамаглі пасля вызвалення. Між тым назіральная камісія пры выканкаме – орган не зусім цырыманіяльны.
Закон замацоўвае за такімі камісіямі кантроль за выкананнем пакаранняў і ўдзел у пытаннях умоўна-датэрміновага вызвалення, гэта значыць у рашэннях, ад якіх залежыць, выйдзе чалавек раней тэрміну ці не.
Ацэнка дзейнасці “назіральнікаў” змясцілася ў адным сказе: рука дапамогі працягваецца ўсім, каму яна вельмі патрэбна.
Аматарам камп’ютарных гульняў вядомыя падобныя персанажы: у пост’ядзерным маскоўскім метро таксама ёсць нябачныя назіральнікі. Яны мала чым адрозніваюцца ад краснапольскіх калег – назіраюць і ні ў што не ўмешваюцца.
Фота раённай газеты.
