Раённыя «Дажынкі» ў Круглым пачаліся з адкрыцця арт-аб’екта каля будынка ААТ «Круглянскі аграпрамтэхзаб». Ім стаў савецкі гусенічны трактар ДТ-74, а ў праграме свята яго назвалі сімвалам павагі да працоўнага подзвігу продкаў. Стужку перарэзалі старшыня райвыканкама і ветэран працы – трактарыст ААТ «Камсенічы», кавалер ордэна Працоўнай Славы III ступені.
Арт-аб’ект названы ўнікальным, хоць сам трактар вялікай рэдкасцю не назавеш: з 1962 па 1983 год такіх машын выпусцілі 880 792 штукі.
Цікавы ён паходжаннем. На капоце круглянскага экспаната стаіць заводская таблічка «ХТЗ» – Харкаўскі трактарны завод.
Гісторыя харкаўскага завода сама просіцца ў падручнік пра працоўны подзвіг. У вайну яго эвакуіравалі ў Сталінград, а затым у Рубцоўск, карпусы падчас акупацыі былі разбураныя, аднаўляць іх пачалі ў жніўні 1943 года, і ўжо ў канцы 1944-га завод выпусціў першую прадукцыю.
У ліпені 2022 года прадпрыемства сур’ёзна пацярпела ад расійскіх абстрэлаў.
Адкрываючы арт-аб’ект, старшыня райвыканкама Іван Багель казаў, што багацце роднага краю заўсёды стваралася рукамі яго жыхароў.
Трактар, які ў Круглым зрабілі сімвалам гэтага багацця, збіралі рукамі харкаўчан – пра гэта наўпрост гавораць тры літары на яго капоце.
Сёння па Харкаве б’е Расія, якую ў лютым 2022 года Лукашэнка прапусціў праз тэрыторыю Беларусі. Аб тым, што расійскія часткі ішлі ва Украіну адсюль, ён пазней прызнаў сам.
У трактарысты дзед запісваў і сябе. У 2017 годзе, разважаючы пра электрамабілі, ён успамінаў, што першы досвед за рулём атрымаў у калгасе на трактары МТЗ-50. Так што сімвал у Круглым атрымаўся дакладнейшым, чым задумвалі: харкаўскі трактар каля аграпрамтэхзабу і трактарыст, які адкрыў дарогу вайне супраць Харкава.
Фота krugloe.by.
