Магілёвец Уладзімір Альшэўскі, які перабраўся ў Варшаву, адчайна шукаў грошы і знік пасля трывожнай суразмовы з магчымым працадаўцай у сакавіку 2026 года.
Абвестка пра пошукі магілёўца Уладзіміра Альшэўскага з’явілася ў беларускіх пабліках Варшавы на Facebook. “Альшэўскі знік у сакавіку гэтага года. – гаворыцца ў паведамленні – Яму пільна патрабаваліся грошы і ён шукаў сабе падпрацоўку.”
З фотаздымкаў, далучаных да абвесткі, а таксама з каментарыяў становіцца зразумела, што Уладзімір Альшэўскі жыў у варшаўскім хостэле і працаваў таксістам, арандуючы аўтамабіль. Каб працаваць самастойна, ён адкрыў ІП і набыў аўтамабіль у лізінг, але праз бюракратычныя цяжкасці не змог атрымаць ліцэнзію таксіста. У выніку на яго лёг адначасова цяжар падаткаў за ІП і выплат за лізінг. У сакавіку гэтага года ён стаў актыўна звяртацца праз Facebook з просьбай пазычыць яму грошы.

Пазней, 24 сакавіка ён апошні раз выходзіў на сувязь з сябрамі. Паводле інфармацыі, якую прадставілі блізкія Уладзіміра Альшэўскага, ён планаваў уладкавацца на падпрацоўку, але яго ўстрывожылі дзіўныя пытанні магчымага працадаўцы падчас суразмовы. У прыватнасці, працадаўца цікавіўся, ці ёсць у яго родныя і ці будуць яго шукаць. Альшэўскі пазваніў сябру і распавёў, што да яго павінны пад’ехаць з нагоды гэтай суразмовы. Паабяцаў ператэлефанаваць праз поўгадзіны, але так і не ператэлефанаваў.

Пры гэтым у Альшэўскага былі заўважныя псіхалагічныя праблемы – пракаментаваў абвестку ў Facebook чалавек, які ведае яго асабіста. Вядома таксама, што Альшэўскі планаваў запісацца добраахвотнікам у Полк Каліноўскага. У Польшчы Уладзімір з 2022 года і з’яўляецца палітычным бежанцам.
На дадзены момант да пошуку магілёўца падключылася паліцыя Варшавы.
