Ксяндзы

Адзіннаццаці ксяндзам на Магілёўшчыне не падоўжылі дазвол на служэнне

Чарговыя 11 каталіцкіх святароў страцілі магчымасць служыць на Магілёўшчыне, пры гэтым вышэйшы клір расхвальвае абласныя ўлады.

Непажаданыя ксяндзы

Усё часцей адбываюцца выпадкі непадаўжэння дазволу каталіцкім святарам з польскім грамадзянствам служыць у касцёлах Магілёўскай вобласці. Аб недахопе ксяндзоў ужо казаў раней мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

І вось працяг гэтай гісторыі. Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», чарговыя 11 святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будуць вымушаныя з’ехаць з Беларусі, паколькі не атрымалі ўзгаднення Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў на падаўжэнне рэлігійнай дзейнасці, а некаторыя атрымалі такі дазвол на мінімальны тэрмін.

У сувязі з гэтым Юзаф Станеўскі накіраваў просьбу да беларускага дыктатара аб падаўжэнні дазволу на служэнне гэтых святароў у Беларусі. Аднак развітанні з імі ўжо пачаліся. Так, 15 жніўня падчас урачыстай святой Імшы ў свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кафедральным касцёле ў Магілёве развіталіся з польскім святаром Раманам Шульцам, які з 2007 года служыў у Беларусі. Краіну ён пакіне ў бліжэйшыя дні.

Крывадушнасць у сутанах

Адметна, што ў набажэнстве, падчас якога развітваліся з Раманам Шульцам, удзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалія, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі і ўжо згаданы Юзаф Станеўскі.

Днём раней у Музеі Масленікава яны сустракаліся з прадстаўнікамі магілёўскіх абласных і гарадскіх улад. З узгаданых на сайце Сatholic.by – толькі галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Лабаноўскі і кіраўнічка ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама Наталля Дашкова. 

Згодна інфармацыі з артыкула аб сустрэчы можна зрабіць вывад, што высокія каталіцкія госці прыехалі ў Магілёў выключна для расхвальвання мясцовых улад. Хоць афіцыйнае пагадненне паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай пакуль не падпісана, фактычнае супрацоўніцтва ўжо сёння з’яўляецца актыўным, плённым і сістэмным, заявіў Яшэўскі. А Юзаф Станеўскі выказаў падзяку ўладам за тое, што яны адкрыты да дыялогу.

У сваю чаргу Дашкова пахваліла Касцёл на Магілёўшчыне за тое, што ўсе 12 яго зарэгістраваных супольнасцяў актыўна ўдзельнічаюць не толькі ў літургічным жыцці, але і ў выхаваўчых, культурных і сацыяльных праектах. “Яна адзначыла, што 2025 год стаў важным этапам перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый у Магілёўскай вобласці, і каталіцкія супольнасці паспяхова прайшлі гэты працэс”, – распавядаецца ў артыкуле. 

Тое, што лукашэнкаўская чыноўніца скажае рэчаіснасць, гэта яшчэ паўбяды, бо чакаць іншага ад яе не варта. Аднак горш за ўсё, што з ёй пагаджаецца вышэйшы каталіцкі клір Беларусі, бо ён выдатна ведае – змяншэнне ўдвая колькасці парафій у Магілёўскай вобласці пасля мінулагодняй рэгістрацыі ну ніяк нельга лічыць “паспяхова пройдзеным працэсам”.

Што ж тычыцца непадаўжэння дазволаў на служэння святарам, то ці ішла пра гэта гаворка на сустрэчы у музеі – невядома. 

Фотаздымак: Сatholic.by

← Усе навіны Магілёва