Месца адпачынку ў вёсцы Заполле Глускага раёна на беразе ракі Пціч цяпер завецца “Запольскі рай”.
“Тут і сапраўды райскія мясціны з прыгожымі краявідамі. А цяпер паглядзець на іх можна не проста з берага ракі, а седзячы на вось такіх незвычайных арэлях. Іх пабудавалі тут мясцовыя жыхары”, – распавядае журналістка тэлеграм-канала “Мястэчка Глуск”, якая наведала ўпрыгожаны бераг.
Добраўпарадкаванне, сапраўды, выглядае годна. Вялікія драўляныя арэлі, яшчэ упрыгожаныя кветкамі і такая ж драўляная альтанка, дзе можна размясціцца невялікай кампаніяй. Ну а самае галоўнае – радуючыя вока беларуса летнія краявіды – невялікая рачулка і буяючая зеляніна навокал.
“Выдатнае месца для фотасесій, для назірання за прыродай, а таксама для закаханых – памер арэляў дазваляе сядзець удвох”, – падагульняе жанчына.
Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”
