Старажытны асабняк з муралам і выявай магілёўскага герба пачалі рамантаваць для размяшчэння ў ім аддзялення амбасады Расіі.
Будынак, дзе будзе расійская дыпмісія, знаходзіцца па адрасе вул. Ленінская 5а, акурат побач з Ратушай і належыць Музею гісторыі Магілёва. Як піша тэлеграм-канал “Спадчына”, яшчэ з 2018 года у ім меркавалася размяшчэнне экспазіцыі і фондаў установы. Аднак цяпер, згодна з зацверджанай праектнай дакументацыяй, у 2026 годзе яго чакае маштабная мадэрнізацыя коштам каля 613 тыс. рублёў з гарадскога бюджэту.
Цяпер, згодна праектных дакументаў рамонта, ужо нідзе не ўзгадваецца яго ранейшае прызначэнне, зніклі ўзгадванні пра «музей», «выставачную залу» ці «сховішча фондаў».
“Цікава, што падчас тэхнічнага абследавання эксперты па памеры цэглы вызначылі, што дом пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Але ў заданні на праектаванне фігуруе ўжо пачатак XIX стагоддзя”, – адзначае “Спадчына”.
За два з паловай месяцы рамонту вонкавыя сцены будынку будуць уцеплены мінералаватнымі плітамі, што непазбежна зменіць аўтэнтычныя габарыты і пластыку гістарычнага фасада, аўтэнтычныя драўляныя аконныя перамычкі ў склепе заменяць на металічныя. У сваю чаргу старыя драўляныя вокны і дзверы пойдуць пад дэмантаж, а замест іх усталююць сучасныя блокі з двухкамернымі шклопакетамі. Ну а існуючы дах заменяць на вальмавы з фальцавым пакрыццём з палімерных матэрыялаў.
Праўда, па патрабаваннях дзяржэкспертызы праекта рамонта, будзе захаваны мурал з гербам і выявай гравюры 1702 года, які ў 2017 годзе, да 750-годдзя Магілёва, мастак Рыгор Шараеў стварыў на тарцы будынка за спонсарскія сродкі. Праўда, ёсць сумневы, што расійская дыпмісія доўга будзе ўжывацца са знакам “Пагоні” і гербам Магілёва. А каб знішчыць мурал, лукашэнкаўскім прарасійскім чыноўнікам нейкай прычыны нават не спатрэбіцца.
Будынак, які будзе рамантавацца, адносіцца да старажытнай гарадской забудовы. Па меркаванні знакамітага магілёўскага краязнаўцы Іераніма Філіповіча, у XVIII стагоддзі ў ім размяшчаўся цэх кушняроў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
