Магілёўскі абласны «савет дэпутатаў» на пазачарговай сесіі падтрымаў узбуйненне Дрыбінскага раёна. Самы маленькі раён краіны павялічыцца на 20 тысяч гектараў і 27 населеных пунктаў.
Зямлю і вёскі Дрыбіну аддаюць тры суседнія раёны.
Паводле звестак землеўпарадкавальнікаў:
- Чавускі – 18 населеных пунктаў і 10 826 гектараў;
- Горацкі – два населеныя пункты і 4778 гектараў;
- Магілёўскі – сем населеных пунктаў і 4454 гектары.
Больш за ўсіх страчваюць Чавусы: на іх прыпадаюць дзве траціны перададзеных вёсак і больш за палову далучанай зямлі.
Перад сесіяй жыхароў спыталі, што яны думаюць. У Горацкі і Дрыбінскі райвыканкамы не паступіла ніводнага звароту – ніякіх думак.
У Магілёўскі паступілі чатыры, яны тычыліся аўтобусаў. У Чавускі паступілі два, там асцерагаюцца за сярэднюю школу і транспарт.
Старшыня абласнога «савета дэпутатаў» Аляксандр Гарошкін запэўніў, што ўсе звароты ўлічаныя, а людзі не павінны адчуць на сабе пераход.
Старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка паабяцаў грошы на дарогі, транспарт і жывёлагадоўчыя комплексы, агаварыўшыся: калі Лукашэнкай будзе прынята рашэнне.
Заўважым, што пра жывёлагадоўчыя комплексы публіка не пыталася: Ісачанка дадаў іх да кучы ад сябе.
Фота «Беларусь сегодня».
