У Бабруйску дабразычлівы трактарыст заліваў дызельнае паліва ў аўтамабілі знаёмых, выкарыстоўваючы службовую карту.
У распараджэнні 42-гадовага мужчыны знаходзілася службовая паліўная карта, замацаваная за даручанай яму тэхнікай. Аднак выкарыстоўвалася яна не толькі па прызначэнні. Паводле міліцыі, бабруйчанін прыязджаў на запраўку разам са знаёмымі і разлічваўся картай прадпрыемства за паліва, якое трапляла ўжо ў бакі іх аўтамабіляў.
Дабрачыннасць, зрэшты, была не зусім бясплатнай – за такую паслугу мужчына атрымліваў ад знаёмых грошы. Колькі менавіта яны плацілі за таннейшую салярку і колькі паспеў зарабіць на гэтай схеме сам работнік, праваахоўнікі не паведамляюць.
Усяго такім чынам з прадпрыемства, паводле следства, выцекла 540 літраў дызельнага паліва. Яго агульны кошт ацанілі больш чым у 1 440 рублёў. А трактарыст стаў фігурантам крыміналльнай справы.
Фотаздымак: ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”
