Унесены ў санкцыйныя спісы Еўразвяза гендырэктар расійскага праваслаўнага тэлеканала “Спас” Барыс Карчэўнікаў здымаў у Магілёве фільм пра Мікалая ІІ.
Частка здымак у адну з нядаўніх нядзель праходзіла ў царкве Святых царскіх страстацерпцаў і ўсіх навамучанікаў і спаведнікаў ХХ стагоддзя, што каля Плошчы Славы. Пра гэта напісала ў тэлеграм-канале “Вячэрні Магілёў” магіляўчанка Ніна, якая з’яўляецца прыхаджанкай гэтага храма.
“Яны, канечне, здымалі фрагменты святочнага набажэнства, якое праводзіў настаяцель царквы, протаіерэй Андрэй Купцоў. А таксама з усімі прыхаджанамі маліліся”, – напісала яна.
“Спадзяемся, што ў фільме пра святога цара Мікалая магілёўцы ўбачаць і свой цудоўны храм”, – выказала спадзеў жанчына.
Нагадаем, што “святасць” Мікалая ІІ прызналі ў РПЦ толькі ў 2000 годзе. Да гэтага цягам ўсяго ХХ стагоддзя ён лічыўся “крывавым” з-за двух найбуйнейшых трагедый у пачатку яго кіравання, якія пацягнулі за сабой масавую гібель людзей: цісканіны на Хадынскім полі ў 1896 годзе і расстрэлу мірнай дэманстрацыі ў Пецярбургу (“Крывавая нядзеля”) у 1905 годзе.
Барыс Карчэўнікаў у сваю чаргу з снежня 2022 года ўнесены ў санкцыйны спіс усіх краін Еўразвяза і Швейцарыі за распаўсюд афіцыйнай расійскай прапаганды. Таксама знаходзіцца пад санкцыямі Украіны.
19 сакавіка 2025 года Служба бяспекі Украіны выставіла Карчэўнікаву абвінавачванні паводле трох крымінальных артыкулаў: замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, апраўданне агрэсіі РФ супраць Украіны і незаконнае перасячэнне мяжы.
Фотаздымак: visnyk-nanu.org.ua
