На сесіі раённага савета «дэпутатаў» намеснік старшыні райвыканкама Іван Мельнікаў далажыў, як у Крычаўскім раёне ідзе работа па ўказе № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі».
На 2026 год запланавана ўцягнуць у абарот 39 дамоў, уцягнута 32: тры прададзена, 29 знесена. Яшчэ па пяці дамах рашэнне аб зносе ўжо прынята. У Адзіным рэестры цяпер 78 дамоў, па якіх шукаюць уласнікаў або спадчыннікаў.
Указ дае некалькі спосабаў уцягнення – ад продажу з аўкцыёну да продажу за адну базавую велічыню. Знос – толькі адзін з іх, і ў крычаўскай справаздачнасці ён ідзе дзевяць разоў з дзесяці.
У цэлым па краіне прапорцыя мякчэйшая. За студзень – май 2026 года, па даных Дзяржкаммаёмасці, у абарот уцягнута 2603 дамы:
- прададзена 644, з іх 259 з аўкцыёну;
- без таргоў адышлі 385 дамоў, прычым 358 – за адну базавую велічыню, гэта значыць за 45 рублёў;
- знесена 1949.
На Магілёўскую вобласць з гэтага ліку прыйшлося 402 дамы і 65,4 гектара зямлі.
Знос пры гэтым не прыносіць грошай, а траціць іх. Прададзены за базавую велічыню дом прыносіць у казну 45 рублёў і здымае з яе выдаткі на знос.
Рэестр, па якім падлічваюць гэтую работу, таксама не канчатковы. У суседнім Чэрыкаўскім раёне праверка знайшла 43 пустуючыя дамы, якія ў рэестр не трапілі ўвогуле.
І гэта зразумела. Валтузня з закінутымі дамамі чыноўнікам у цяжар. Асаблівых прарываў тут не даб’ешся, а вось атрымаць вымову – прасцей простага. Адсюль і імкненне не рэгістраваць іх увогуле. Таму ні пра якое “ўдасканаленне работы” гаворка не ідзе.
Фота раённай газеты.
