Лужкоў

Мсціславец прадае паляўнічае пасведчанне экс-мэра Масквы Лужкова

За 30 тыс. рублёў на “Куфары” прадаецца пасведчанне паляўнічага-рыбалова, якое нібыта належала экс-мэру Масквы Юрыю Лужкову.

Лот выставіў на продаж жыхар Мсціслава. Унутры кніжачкі – чорна-белае фота былога мэра Масквы. Напісана, што пасведчанне належыць Юрыю Міхайлавічу Лужкову, які нарадзіўся ў 1936 годзе і жыў у Маскве па адрасе: вул. Палікарпава, дом 3, кватэра 23. Згодна з запісамі, ён стаў сябрам Таварыства паляўнічых і рыбаловаў 14 студзеня 1974 года, а гэтае пасведчанне атрымаў 14 верасня 1995 года.

Паляваннем Лужкоў сапраўды цікавіўся. Напрыклад, ён распавядаў у інтэрв’ю «Рускаму паляўнічаму часопісу», што ўпершыню пайшоў паляваць у 15 гадоў.

Выглядае пасведчанне Лужкова даволі праўдападобна. Там пазначана перыядычная  аплатае ўнёскаў (па пяць савецкіх рублёў), а таксама запісы, зробленыя ў розныя гады.

Чытачка «Нашай нівы» звязалася з аўтарам абвесткі на «Куфары». Паводле мужчыны, ён некалі хадзіў на паляванне з асабістым памочнікам Лужкова. Той і падарыў пасведчанне былога кіраўніка. Доказы сапраўднасці мужчына абяцае прадэманстраваць пры асабістай сустрэчы, і гатовы гандлявацца і скінуць некалькі тысяч рублёў.

Фотаздымак: nashaniva.com

 

← Усе навіны Магілёва