Лаўрыновіч

На магілёўскага прадзюсера і “дэпутата” палюе міліцыя з-за карупцыі, а ён – за мяжой

“Дэпутат” Магілёўскага гарсавета Аляксанд Лаўрыновіч падазраецца ў карупцыі. Знайсці яго можна будзе хіба толькі з Інтэрполам.

Яшчэ нядаўна 37-гадовы Аляксандр Лаўрыновіч быў паспяховым прадзюсарам, «дэпутатам» Магілёўскага гарсавета, «Чалавекам года Магілёўшчыны», арганізатарам патрыятычных мерапрыемстваў і заўсёднікам дзяржаўнага тэлебачання. Ён хваліў беларускіх кіраўнікоў, дзякаваў магілёўскаму губернатару Анатолю Ісачанку і публічна даводзіў, што «дрэнных кіраўнікоў у нашай краіне не існуе». Цяпер аднаго з такіх узорных прадстаўнікоў сістэмы шукае беларуская міліцыя.

З «Чалавека года» – у вышук

МУС афіцыйна абвясціла Аляксандра Лаўрыновіча ў вышук 10 красавіка 2026 года. У адпаведнай картцы, якую можна пабачыць праз сайт SOTA, пазначана толькі, што шукаюць у Расіі яго паводле артыкула Крымінальнага кодэкса, без удакладнення самога артыкула. Але пошукі беларуса ў Расіі хутчэй за ўсё сведчаць аб тым, што яго шукаюць найперш у Беларусі, бо цяпер у сілавікоў абедзьвюх краін агульная база вышуку.

Крыніца выдання «Зеркала» сцвярджае, што гаворка ідзе пра карупцыйнае злачынства. У матэрыялах справы нібыта фігуруе больш за 200 тыс. рублёў, а пытанні ў сілавікоў узніклі праз арганізацыю гарадскіх мерапрыемстваў у Брэсце.

Паводле суразмоўцы выдання, Лаўрыновіч фактычна атрымаў кантроль над грашовымі мерапрыемствамі ў горадзе, а статус дэпутата выкарыстоўваў у інтарэсах свайго бізнесу. «Ён манапалізаваў усе грашовыя мерапрыемствы ў Брэсце, а дэпутацтва яму было патрэбнае толькі для таго, каб прыкрываць свае махінацыі», – сцвярджае крыніца.

Яна ж паведамляе, што маёмасць прадзюсара арыштаваная, а дарагія аўтамабілі і нерухомасць ён нібыта афармляў на сваякоў. Сам Лаўрыновіч гэтыя абвінавачванні публічна не каментаваў.

Пакуль міліцыя шукала, «дэпутат» з’ехаў

З вышукам атрымалася яшчэ адна праблема: шукаць Лаўрыновіча ў Магілёве, падобна, ужо няма асаблівага сэнсу. Беларускі нумар тэлефона прадзюсара заблакаваны, звязаныя з ім акаўнты ў месенджарах даўно маўчаць. У сацыяльных сетках таксама з’яўлялася інфармацыя, што прадпрымальнік пакінуў Беларусь яшчэ ў пачатку года. Крыніца «Зеркала» сцвярджае, што вясной Лаўрыновіч выехаў у адну з еўрапейскіх краін і цяпер хаваецца там. 

Такім чынам атрымалася даволі характэрная гісторыя: пакуль беларускія ўлады абвяшчалі свайго дэпутата ў вышук, сам прадстаўнік гэтай улады ўжо знаходзіўся па іншы бок мяжы.

«Фестивали Бай» і патрыятызм за бюджэтныя грошы

Асноўны бізнес Лаўрыновіча быў звязаны з кампаніяй «Фестивали Бай», дзе ён з’яўляўся дырэктарам і заснавальнікам. Фірма арганізоўвала канцэрты, фестывалі, конкурсы і іншыя масавыя мерапрыемствы.

І кліенты ў яе былі зусім не шараговыя. Сярод заказчыкаў значыліся Брэсцкі аблвыканкам і адміністрацыя Заводскага раёна Мінска. Менавіта кампанія Лаўрыновіча атрымала замову на светлавое шоу і феерверк падчас брэсцкага «Марафону адзінства» – серыі дзяржаўных «патрыятычных» мерапрыемстваў напярэдадні прэзідэнцкіх «выбараў» 2025 года.

Цяпер ад былой актыўнасці засталося няшмат. Сайт «Фестивали Бай» не працуе, Instagram кампаніі перастаў абнаўляцца 1 мая.

Затое засталіся даўгі. Так, у органах прымусовага выканання знаходзяцца пяць вытворчасцяў у дачыненні да кампаніі. Спрабавала атрымаць з яе грошы праз суд і мінскае рэкламнае агенцтва, але ягоны пазоў задаволены не быў.

А 17 сакавіка 2026 года Следчы камітэт забараніў Лаўрыновічу распараджацца сваёй доляй у «Фестивали Бай». Паводле афіцыйных звестак, матэрыяламі займаецца магілёўскае падраздзяленне Галоўнага ўпраўлення СК па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі.

Усё пачыналася з народных танцаў

Сам Лаўрыновіч нарадзіўся ў Магілёве. Ён скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова па спецыяльнасці «артыст народнага танца, выкладчык», а пазней Акадэмію кіравання пры Лукашэнку.

Пачынаў у творчай сферы, але паступова ператварыўся ў прадзюсара буйных забаўляльных і дзяржаўных праектаў. Ён арганізоўваў Dream Dance Fest на «Славянскім базары», займаўся тэлевізійным «Кубкам Дружбы», а з 2022 года быў «настаўнікам» у шоу дзяржаўнага тэлеканала АНТ «Зорны шлях».

У лютым 2024 года Лаўрыновіча зрабілі «дэпутатам» Магілёўскага гарадскога савета. Неўзабаве ён атрымаў яшчэ і званне «Чалавек года Магілёўшчыны». Кар’ера ішла настолькі паспяхова, што ў 2025 годзе прадзюсар узяўся ўжо за стварэнне ўласнай версіі моладзевага тэлебачання.

Дыктатар у беларускім «Доме-2»

Адным з самых заўважных праектаў Лаўрыновіча стала «нацыянальнае» рэаліці-шоу «Фабрыка блогераў», якое стартавала ў студзені 2025 года. Па сваёй сутнасці праект нагадваў расійскі «Дом-2»: маладыя людзі жылі перад камерамі, высвятлялі адносіны і спрабавалі зацікавіць аўдыторыю. Але беларуская версія не магла абысціся без ідэалогіі. Так, у адным з эпізодаў удзельнікі галасавалі і хвалілі Аляксандра Лукашэнку.

Шчодра было і з рэкламай. У выпусках з’яўлялася прадукцыя больш чым дзясятка «партнёраў», значную частку якіх складалі дзяржаўныя прадпрыемствы Магілёўскай вобласці.

Увосень таго ж года Лаўрыновіч запусціў яшчэ адзін моладзевы праект – інтэрактыўны серыял «Зумеры». Аднак захаплення ў гледачоў ён ужо не выклікаў, бо значная частка каментароў была далёкая ад кампліментарнай.

Краіна добрых кіраўнікоў

Да самой беларускай сістэмы Лаўрыновіч да апошняга дэманстраваў выключную лаяльнасць. Напрыклад, у эфіры дзяржаўнага тэлебачання ён сцвярджаў, што «дрэнных кіраўнікоў у нашай краіне не існуе», а кожны з іх нібыта «знаходзіцца на сваім месцы». Кадравую палітыку Лукашэнкі прадзюсар таксама ацэньваў выключна станоўча.

Не забываўся ён дзякаваць і сваім магілёўскім апекунам – у тым ліку старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку, якога публічна называў сярод людзей, што яго падтрымлівалі.

Фотаздымак: ont.by

← Усе навіны Магілёва