Праваахоўнікі выкрылі сетку кропак махлярскіх кол-цэнтраў у Магілёве, Гомелі і Мінску, якія былі абсталяваныя для масавых тэлефанаванняў.
Звычайныя кватэры ў Магілёве, Гомелі і Мінску ператварыліся ў частку вялікай тэлефоннай інфраструктуры, праз якую замежныя махлярскія кол-цэнтры маглі адначасова працаваць з тысячамі беларускіх SIM-карт. Гаспадарам жылля пры гэтым нават не трэба было самім тэлефанаваць патэнцыйным ахвярам, іх задача была больш тэхнічнай: усталяваць атрыманае абсталяванне, падключыць яго і сачыць, каб усё бесперабойна працавала. Такі «бізнес на хаце» арганізавалі трое мужчын ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў.
Паводле інфармацыі МУС і Следчага камітэта, схема працавала прынамсі з 2024 года. Праваахоўнікам затрыманыя патлумачылі, што ўвязаліся ў справу дзеля заробку пасля прапаноў ад невядомых у Telegram. Усе трое раней не мелі крымінальных судзімасцяў. Афіцыйна мужчыны не працавалі, а адзін з іх на момант затрымання быў студэнтам.
Куратары праз службы дастаўкі перасылалі ў Беларусь SIM-банкі, GSM-шлюзы, радыёмодулі, антэны і працэсары. Усё гэта трэба было сабраць, падключыць да сеткі і падтрымліваць у працоўным стане.
Падчас ператрусаў было канфіскавана больш за 30 адзінак абсталявання і звыш 20 тысяч SIM-карт. Вядома пра 40 GSM-прылад і больш за 17 тысяч SIM-карт, а таксама мабільныя тэлефоны з перапіскай з куратарамі.
Фактычна ў кватэры ствараўся вузел сувязі, які дазваляў чалавеку, што мог фізічна знаходзіцца нават за межамі Беларусі, дыстанцыйна карыстацца вялікай колькасцю беларускіх SIM-карт. Пасля гэтага праз такія нумары можна было арганізоўваць масавыя тэлефанаванні і SMS-рассылкі. Паводле сілавікоў, інфраструктура выкарыстоўвалася замежнымі махлярскімі кол-цэнтрамі для выманьвання грошай у грамадзян.
Пры гэтым у паведамленні МУС гісторыя не абмежавалася звычайным тэлефонным махлярствам. Ведамства заявіла, што выяўленая інфраструктура нібыта выкарыстоўвалася таксама для дзеянняў, якія ўяўлялі «прамую пагрозу нацыянальнай бяспецы і стабільнасці» Беларусі і нават «Саюзнай дзяржавы». Што канкрэтна маецца на ўвазе пад такой гучнай фармулёўкай, праваахоўнікі не патлумачылі.
Скрыншот: ТГ Следчага камітэта РБ
