Зарэсце

Чыноўнікі з Магілёва расхвальвалі жыхарам Зарэсця Дрыбінскі раён

Далёка не усім жыхарам вёсак Магілёўскага раёна радуе перадача іх у склад Дрыбінскага. Супокойваць людзей прыехалі чыноўнікі розных рангаў.

Будучае ўзбуйненне Дрыінскага раёна за кошт, у тым ліку, далучэння часткі тэрыторыі Магілёўскага выклікала ў мясцовых жыхароў больш пытанняў, чым аптымізму. Каб патлумачыць вяскоўцам, што пасля змены раённай «прапіскі» яны не застануцца без лекараў, аўтобусаў, крам і сацыяльных работнікаў, у Зарэсце, якое пакуль яшчэ знаходзіцца ў Магілёўскім раёне, высадзіўся прадстаўнічы чыноўніцкі дэсант з абласнога цэнтра, калі не лічыць старшыню Дрыбінскага райсавета дэпутатаў Цімафея Марціновіча.

Сярод гасцей таксама былі старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі, старшыня Магілёўскага райвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў і іншыя. Фактычна чыноўнікам давялося пераконваць людзей, што пераход з аднаго раёна ў другі не зробіць іх жыццё горшым.

Аўтобусы і лекары важнейшыя за “перспектывы”

Пытанні ў жыхароў аказаліся значна больш прыземленымі за чыноўніцкія развагі пра адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне. Людзі хацелі ведаць, дзе пасля далучэння да Дрыбінскага раёна ім давядзецца лячыцца, ці застануцца аўтобусы да Магілёва, хто будзе даглядаць старых, што будзе з аўтакрамамі, дарогамі і школамі.

Адкрывала сустрэчу начальніца ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Наталля Дашкова. Яна адразу паспрабавала супакоіць прысутных, заявіўшы, што рашэнне не спантаннае, а прымаецца з разлікам на будучыню. “Кіраўнік дзяржавы ніколі не дапусціць пагаршэння ўмоў жыцця людзей. Так, новае заўсёды крыху насцярожвае, але для таго мы тут і сабраліся, каб растлумачыць кожную дэталь”, – заявіла чыноўніца. Пасаж з кіраўніком дзяржавы выглядае як спроба не толькі пераадрасаваць усю незадаволенасць сітуацыяй у Мінск, але і ўкласці ў свядомасць наступнае – мы тут, маўляў, не для таго, каб нешта вырашаць, а патлумачыць вам, небаракам, ад якіх нічога не залежыць, што цяпер будзеце жыць у новых абставінах, і гэты факт проста прыміце як дадзенасць.

Але яшчэ напачатку ліпеня сцвярджалася, што нібыта беларускі дыктатар раптам захацеў даведацца меркаванні людзей з тых тэрыторый, якія будуць перададзены Дрыбінскаму раёну. Сход у Зарэсці паказаў як яно ёсць на самой справе.

Эканамічная “адмазка”

Адзін з галоўных аргументаў уладаў – эканоміка, дакладней, зямля сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Цяпер угоддзі рэспубліканскага «Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства» і агракамбіната «Зара» аказаліся раскіданыя па розных адміністрацыйных тэрыторыях. Перакройванне межаў павінна спрасціць кіраванне гэтай маёмасцю. Але жыхарам Зарэсця прапанавалі паглядзець на сітуацыю яшчэ больш аптымістычна.

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі патлумачыў, што пасля пераходу ў Дрыбінскі раён вёска можа атрымаць перавагі, прадугледжаныя для паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны. Праўда, на якія дакументы спасылаўся чыноўнік не зразумела, да паўднёва-ўсходніх раёнаў Дрыбін не адносіцца, адпаведна і тыя прэферэнцыі на яго не распаўсюджваюцца. Але чаго не скажаш, каб задурыць людзям галаву. “Гэта робіць Зарэсце прывабным для інвестараў”, – прыгожа хлусіў Савіцкі, фантазуючы, што “тут могуць з’явіцца новыя вытворчасці, дзе будуць працаваць вашы дзеці”. Пра канкрэтных інвестараў ці ўжо запланаваныя вытворчасці не паведамлялася.

Ці застанецца магілёўскі лекар для Зарэсця?

Асобна чыноўнікам давялося запэўніваць людзей, што далучэнне да Дрыбінскага раёна не азначае аўтаматычнай пераарыентацыі ўсёй сацыяльнай інфраструктуры на Дрыбін.

Прадстаўніца абласнога ўпраўлення аховы здароўя Наталля Вежнавец паабяцала, што жыхары пяці вёсак, якія цяпер абслугоўваюцца Зарэсцянскім ФАПам, і дзвюх, прывязаных да Сухараўскай участковай бальніцы, працягнуць карыстацца тымі ж медыцынскімі ўстановамі. Нават шпіталізаваць іх абяцаюць, як і раней, у Магілёве. Але, як кажуць, абяцаць не значыць жаніцца. Для таго і існуюць цэнтральныя раённыя бальніцы, каб абслугоўваць жыхароў раёнаў, а ў абласных лекараў лечаць тых, каго скіравалі з раёна. У даным выпадку Дрыбінскага раёна.

Не павінны змяніцца і школы для дзяцей. Ігар Лашкевіч з абласнога ўпраўлення адукацыі заявіў, што вучні працягнуць ездзіць у тыя ж навучальныя ўстановы. Падвоз дзяцей Магілёўскі і Дрыбінскі раёны мусяць арганізоўваць сумесна. Не зусім зразумела, праўда, чаму і куды мусіць арганізаваць падвоз дзяцей з Дрыбінскага раёна магілёўскі перавозчык. Ды і навошта – калі верыць таму, хто “недапусціць пагаршэння ўмоў жыцця людзей”, то Дрыбін у бліэйшым будучым чакае эканамічны росквіт.

Пенсіі застануцца, сацыяльныя работнікі таксама

Асобна супакойвалі пажылых вяскоўцаў. Ім паабяцалі, што разам са зменай назвы раёна не зменяцца тэрміны выплаты пенсій і дапамог. Больш за тое, да старых людзей нібыта працягнуць хадзіць тыя ж сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць іх цяпер.

“Змена межаў ніяк не адаб’ецца на сацыяльным абслугоўванні”, – запэўніў першы намеснік старшыні абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзяніс Касталомаў. Гэтым словам чыноўніка таксама боязна верыць, бо ў кожным раёне свае сацыяльныя службы і выконваюць яны сваю працу толькі на сваёй тэрыторыі.

Застануцца і аўтакрамы, сцвярджалі выканкамаўскія госці. Цяпер яны прыязджаюць у населеныя пункты двойчы на тыдзень, і гэты графік чыноўнікі абяцаюць захаваць. Заадно загаварылі нават пра магчымае пашырэнне асартыменту за кошт гандлёвых сетак.

Два аўтобусы ў райцэнтр і тыя ж дакументы

Адным з найбольш балючых пытанняў для жыхароў прадказальна аказаўся транспарт. Зарэсце знаходзіцца недалёка ад Магілёва, і менавіта з абласным цэнтрам у людзей гадамі выбудоўваліся ўсе асноўныя сувязі.

Тут чыноўнікі паабяцалі нічога не ламаць. Усе 28 рэйсаў, якімі можна даехаць з Магілёва ў Зарэсце павінны застацца. А каб новая адміністрацыйная прыналежнасць выглядала больш лагічна, да іх плануюць дадаць яшчэ два рэйсы на тыдзень паміж Зарэсцем і Дрыбінам.

Камунальнае абслугоўванне пры гэтым сапраўды зменіць гаспадара. Ім будзе займацца дрыбінскі «Жылкамгас». Якасць паслуг, паводле запэўненняў прадстаўнікоў улады, ад гэтага пагоршыцца не павінна.

Не давядзецца жыхарам пасля пераносу адміністрацыйнай мяжы бегаць і па кабінетах дзеля пераафармлення зямлі і нерухомасці. Начальніца абласнога ўпраўлення землеўпарадкавання Ірына Пятручэня патлумачыла, што існуючыя дакументы на зямельныя ўчасткі і нерухомасць застануцца сапраўднымі. Мяняць іх толькі таму, што вёска пераехала з аднаго раёна ў другі на паперы, не спатрэбіцца.

Туманная дрыбінская будучыня

Сустрэча ў выніку працягнулася даўжэй, чым планавалася. Пасля агульнай размовы людзі яшчэ падыходзілі да прыезджых спецыялістаў са сваімі пытаннямі. А чыноўнікі раз за разам пераконвалі вяскоўцаў, што баяцца Дрыбінскага раёна не трэба: лекары застануцца, школы таксама, пенсіі не знікнуць, аўтакрамы прыедуць, аўтобусы ў Магілёў працягнуць хадзіць, а недзе ў перспектыве могуць з’явіцца нават інвестары і новыя працоўныя месцы.

Сам факт, што дзеля гэтага ў адну вёску давялося везці прадстаўнікоў ледзь не ўсіх сацыяльных службаў вобласці разам з кіраўніцтвам двух раёнаў, добра паказвае: для саміх жыхароў пераход пад кіраванне Дрыбіна выглядае не настолькі бясспрэчным дабром, як яго спрабуюць прадставіць у чыноўніцкіх кабінетах.

Фотаздымак: pniva.by

← Усе навіны Магілёва