каскадзёр

Каскадзёр з Бабруйшчыны моцна пацярпеў на аўташоў у Лідзе

Цяжкія траўмы атрымаў 24-гадовы блогер-трукач Арцемій Пракапенка на аўташоў “Тачкі. Пікнік”. Зараз ён у сталічнай бальніцы.

Аўтамабільны фестываль праходзіў у мінулыя выходныя каля Лідскага замку. Каскадзёр Арцемій Пракапенка, які родам з вёскі Кавалі, што пад Бабруйскам, стаяў на вялікай бочцы. Ён падскочыў і ўжо ў паветры яго на хуткасці збіла адна з машын, якія дрыфтавалі.

На адным з відэа інцыдэнту бачна, што да хлопца, які ляжыць на асфальце, падбягаюць іншыя мужчыны. Яны хутка хапаюць Арцемія за рукі і ногі і выносяць яго з пляцоўкі. Далей шоу працягнулася.

“На пляцоўцы дзяжурылі дзве карэты хуткай дапамогі, якія адразу ж былі запушчаны ў зону дрыфту, аказалі першую неадкладную дапамогу і даставілі каскадзёра ў бальніцу горада Ліды. З таго моманту ён знаходзіцца пад наглядам кваліфікаванага медыцынскага персаналу ў стабільным стане”, – паведамілі «Анлайнеру» арганізатары шоў.

Аднак менавіта такая транспарціроўка з месца падзення траўмаванага абурыла шмат каго з відавочцаў. Бо ў такіх выпадках катэгарычна не рэкамендуюць перамяшчаць чалавека да прыбыцця дактароў, бо могуць быць траўмы шыі, хрыбетніка, таза, пашкоджанні ўнутраных органаў. Лішнія згінанні і павароты цела могуць істотна пагоршыць стан чалавека. Пры транспарціроўцы пацярпелага важна, каб галава, шыя і тулава знаходзіліся на адной лініі.

Публіку на месцы паспрабавалі супакоіць: абвясцілі, што хлопец толькі зламаў нагу ды атрымаў удар галавы.

Насамрэч, як высветліла «Наша ніва», сітуацыя больш сур’ёзная. Знаёмыя Арцемія распавядаюць, што яго перавезлі ў бальніцу ў Мінск у стане сярэдняй цяжкасці. Сам хлопец на сувязь цяпер не выходзіць.

Арцемій Пракапенка – адзін з самых вядомых каскадзёраў Беларусі. У свае 24 гады ён мае больш за 80 тысяч падпісчыкаў у інстаграме, дзясяткі мільёнаў праглядаў у сацсетках, а таксама падпісаў дамову з Red Bull і стаў амбасадарам брэнда.

Скрыншот: відэа ТікТок defender_humor

← Усе навіны Магілёва