Аператыўнікі ўпраўлення па супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Магілёўскага аблвыканкама разам з супрацоўнікамі цэнтральнага апарату МУС паведамілі пра затрыманне 24-гадовай іншаземкі – паводле версіі міліцыі, адной з арганізатарак анлайн-эскорт-агенцтва, якое працавала ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі.
Затрыманая, як сцвярджаюць сілавікі, завербавала 23-гадовую магілёўку і спрабавала арганізаваць яе выезд у Заходнюю Еўропу.
Дзяўчыне абяцалі высокі заробак і камфортныя ўмовы пражывання, а насамрэч, як сказана ў зводцы, яе чакала сексуальнае рабства. Вывезці магілёўку не паспелі.
Акрамя таго, паводле версіі следства, затрыманая ўцягвала ў занятак прастытуцыяй грамадзян іншых краін і прывозіла іх у Беларусь для працы ў тым жа агенцтве. Астатніх удзельнікаў цяпер устанаўліваюць.
Асобна хочацца заўважыць, што «іншаземцы», замяшаныя ў злачынствах, нярэдка аказваюцца расіянамі.
Беларускія праваахоўнікі не хочуць, каб госці з братняй Расіі выглядалі ў крымінальных зводках не зусім так, як належыць выглядаць узорным грамадзянам «саюзнай дзяржавы».
Фота скрыншот відэа «Міліцыя Магілёўшчыны».
