калонія 15

Адміністрацыя магілёўскай калоніі не аддае вязням купленае спецадзенне

Нават купленая за кошт вязняў у магазіне калоніі №15 у Магілёве турэмная вопратка далёка не адразу апынецца ў іх.

Уласны магазін турэмнай вопраткі «еДИН» адкрыўся пры калоніі ў ліпені 2025 года. Спачатку рэчы там маглі набываць сваякі асуджаных падчас спатканняў. З пачатку 2026 года сістэма стала фактычна безальтэрнатыўнай: кантралёры перасталі прымаць набытыя на волі прадметы гардэроба, нават калі яны дазволеныя правіламі Дэпартамента выканання пакаранняў.

Цяпер вязень можа замовіць патрэбную рэч у краме калоніі, а грошы спішуць з яго асабовага рахунку. Аплаціць пакупку могуць і сваякі. Аднак, як піша Mayday, высветлілася, што нават пасля аплаты вопратку могуць не выдаваць працяглы час. Некаторыя зробленыя вязнямі замовы да іх дагэтуль не дайшлі. На пытанні адміністрацыя адказвае, што трэба чакаць. Колькі менавіта – не тлумачыць.

У выніку прынесці патрэбную рэч з волі вязню ўжо нельга, набыць яе прапануюць у самой калоніі, грошы за пакупку спісваюць, але калі чалавек атрымае аплачанае застаецца невядомым.

Фотаздымак: БелаПАН

← Усе навіны Магілёва