Кабарчук Павел

Украінскага палітвязня будуць судзіць у магілёўскай турме

Палітзняволенага грамадзяніна Украіны Паўла Кабарчука абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі турмы. Яму пагражае новы тэрмін.

Нагадаем, Павел Кабарчук асуджаны да 20 гадоў няволі як нібыта “дыверсант СБУ”. Таксама па гэтай справе быў асуджаны і яго бацька Сяргей Кабарчук, які адбывае такі ж тэрмін у шклоўскай калоніі №17.

Цяпер супраць Паўла ўзбуджана новая крымінальная справа паводле ч.2 арт.411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы), піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Справу Паўла будзе разглядаць суд Ленінскага раёна Магілёва. Палітвязню пагражае яшчэ да двух гадоў зняволення.

Як распавядаў выдвараны з Беларусі экс-палітвязень, праваабаронца Уладзімір Лабковіч, Павел Кабарчук утрымліваецца ў турме №4 у Магілёве без перадач, пасылак, грашовых пераводаў і спатканняў.

Павел знаходзіцца ў магілёўскай турме ад траўня 2025 года. Да гэтага ён быў у калоніі №1 Наваполацка. “Павел кепска гаворыць па-расейску – ён цалкам украінскамоўны. Калі яшчэ неяк размаўляе па-расейску на простыя словы, то пісаць яму цяжка. Расейскую мову ён пачаў вучыць толькі ў Беларусі пасля затрымання. Але ніякіх перакладчыкаў ніколі ў яго не было”, – кажа праваабаронца. 

Ён характарызуе ўкраінца як вельмі адукаванага хлопца, які любіць літаратуру. “Ён шмат чытае ў зняволенні. Я яму дапамагаў з рэчамі, якія яму незразумелы. Яму дазволілі консула. Ён прывёз Паўлу некалькі лістоў ад жонкі і маці, але яму іх так і не аддалі. Лісты ад родных ён не атрымлівае да гэтага часу, дазвалюяць толькі званок раз на месяц да жонкі”, – сцвярджае Лабковіч.

Беларускія праваабаронцы ў кастрычніку 2024 года прызналі абодвух Кабарчукоў палітзняволенымі.

Фотаздымак: Правабарончы цэнтр “Вясна”

← Усе навіны Магілёва