Праверка

У асіповіцкай артбрыгадзе праводзяць праверку, мабілізавалі людзей з запасу

Дзеля праверкі 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады ў яе мабілізавалі ваеннаабавязаных з запасу.

Праверка ў адной з артылерыйскіх брыгад была абвешчана днём 24 жніўня 2026 года. Яна была прыведзена ў вышэйшую ступень гатоўнасці. Пазней Міністэрства абароны паведаміла, што гаворка ідзе пра 51-ую гвардзейскую, якая знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне. Для таго, каб брыгада прайшла праверку, у яе мабілізавалі людзей з запасу.

“Праца ідзе планава, без зрываў, людзі зараджаныя, мы гатовыя выканаць гэтую задачу. З атрыманнем мабілізацыйных рэсурсаў плануецца выхад на палігон, дзе асабісты склад, прызваны з запасу, адновіць свае навыкі. Ва ўстаноўленыя тэрміны брыгада будзе гатовая выканаць пастаўленую задачу ў любым пункце нашай краіны”, – заявіў камандзір падраздзялення Сяргей Чайко.

Адметна, што ў той жа час ў Асіповіцкім гарнізоне пачаўся вучэбна-метадычны збор з афіцэрамі-выпускнікамі, якія прыбылі ў злучэнні і воінскія часці, падпарадкаваныя Генштабу.

Раптоўная маштабная праверка Узброеных Сіл Беларусі па даручэнні Лукашэнкі пачалася ў студзені. Па трывозе па асабістым загадзе беларускага дыктатара падымаліся розныя воінскія часці – у абыход Генштаба і Мінабароны. 

Цяпер пачаўся “першы элемент праверкі другога паўгоддзя”. Падчас яго «асаблівая ўвага будзе нададзеная пытанням выкарыстання сучасных спосабаў агнявога паражэння і кіравання ім з улікам досведу вайсковых канфліктаў ва Украіне і Іране», распавядаў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Фотаздымак: ТГ Мінабароны РБ

← Усе навіны Магілёва