Кіраўнік праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў выкарыстаў царкву для ўласнага піяру.
Сыранкоў, як нядаўна прызначаны сенатар, прыехаў ва Успенскую царкву ў Краснаполлі, каб, як падае раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле”, абмеркаваць з пробашчам парафіі, іерэем Мікалаем Ляшкевічам, сацыяльнае служэнне і традыцыйную дабрачынную акцыю да новага навучальнага года.
Паводле газеты, дапамогу да 1 верасня атрымаў 31 дзіцёнак. У яе ўваходзіць – ранцы, канцэлярскія праналежнасці, адзенне і абутак. Якім чынам былі вылучаны тыя, хто меў патрэбу ў такой дапамозе, газета не раскрывае. Аднак гэта, пэўна, не самае галоўнае. Бо найважнейшым з’яўляецца піяр кіраўніка КПБ, які тым больш родам з Краснаполля.
“Сяргей Сыранкоў, айцец Мікалай і прадстаўнікі мясцовай улады наведалі сем’і, пагутарылі з бацькамі і ўручылі падарункі”, – распавядае “Чырвоны сцяг. Краснаполле”.
Цяперашнія беларускія камуністы ў адрозненні ад сваіх папярэднікаў, якіх яны ўсхваляюць, не настроены на барацьбу з рэлігіяй. Зносіць цэрквы не імкнуцца, і не заяўляюць, што яна нібыта опіўм для народа. Пры гэтым дэкларуюць, што паважліва ставяцца да рэлігіі, і як бачна на прыкладзе Сыранкова, ахвотна выкарыстоўваюць яе для сваго піяру. Праўда, за палітычныя рэпрэсіі супраць усіх канфесій у ХХ стагоддзі каяцца перад Богам і людзьмі яны па-ранейшаму не збіраюцца.
Фотаздымак: “Чырвоны сцяг. Краснаполле”
