Петрусевіч

Прыйшла, уручыла, апублікавала: у Магілёве сенатарка адчыталася пра візіт у шматдзетную сям’ю ва ўласным выданні

У Магілёве член «савета» Рэспублікі Ірына Петрусевіч прыйшла з актывістамі БРСМ у сям’ю, дзе растуць пяцёра дзяцей.
«Сенатарка» перадала школьнікам канцылярскія наборы і прысмакі, актывісты – партфелі з прыладамі і цацкі. Усё гэта ў рамках дабрачыннай ініцыятывы БРСМ «У школу з Добрым Сэрцам», якая ідзе з 10 жніўня па 10 верасня.
Справаздача пра візіт выйшла на партале mogilevnews.by. Гэта сеткавае выданне КІУП «Інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці», дырэктарам якога працуе член «савета» Ірына Іванаўна Петрусевіч. То бок пра тое, як начальніца ўручае наборы, напісаў і зняў яе падначалены, а апублікавала прадпрыемства, якім яна кіруе.
У «савет» Рэспублікі восьмага склікання Петрусевіч «абраная» ад Магілёўскай вобласці, вылучана ад Магілёва, уваходзіць у пастаянную камісію па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Нарадзілася ў 1976 годзе ў вёсцы Канічы Касцюковіцкага раёна.
«Сенатараў» ад вобласці выбіраюць не жыхары, а «дэпутаты» мясцовых «саветаў», якіх саміх ніхто зроду не выбіраў.
Агенцтва «Магілёўскія ведамасці» ўтворана ў лютым 2013 года зліццём рэдакцый «Магілёўскай праўды» і «Магілёўскіх ведамасцяў».
«Дэпутацкую» працу і пасаду дырэктара Петрусевіч сумяшчае.
З дасягненняў Петрусевіч як журналісткі – вывад некалі найлепшага СМІ Магілёўшчыны на ўзровень газеты «Голас Касцюкоўшчыны».
Пра дзяцей Ірына Іванаўна сапраўды клапоціцца. Сваю дачку Віталіну яна ўладкавала на магілёўскае тэлебачанне.

 Фота «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва