Чамаданава

Урок касьбы: старшыня «Белай Русі» растлумачыла маладым педагогам Крычаўшчыны іх місію

27 жніўня старшыня партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава сустрэлася з маладымі педагогамі Крычаўскага раёна.
Мэта сустрэчы – парада настаўнікам, пакуль не позна брацца за праекты партыйнага руху «Настаўніцкае слова».
Сам рух Чамаданава апісала як партыйны праект, які ўмацоўвае сувязь паміж пакаленнямі ў адукацыі. Побач з ім яна назвала моладзевы рух партыі «ІСКРА» і заявіла, што маладыя педагогі абавязаны заняць у ім годнае месца. Кірунак будучых праектаў, паводле яе слоў, можа быць любым – гуманітарным, творчым або звязаным з IT, а выйсці за межы раёна дапамогуць дзесяць мемарандумаў, падпісаных партыяй з партыямі дружалюбных краін.
Настаўнікам пры гэтым адразу растлумачылі, хто яны такія. «Фундамент дзяржавы – гэта вы», – сказала ім старшыня партыі, дадаўшы, што іх праца – самая важная місія з усіх магчымых.
Лідар раённага аддзялення «Белай Русі» Вадзім Рыськоў паабяцаў госці, што маладым педагогам трэба толькі даць час, і яны прапануюць нешта крэатыўнае.
Для Магілёўскай вобласці ўмяшанне партыі ў адукацыю даўно не навіна.
У лютым гэтага года рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Максім Кіркор, намеснік старшыні савета Кастрычніцкага раённага аддзялення партыі, уручаў партбілеты студэнтам проста ва ўніверсітэцкай аўдыторыі.
У сакавіку кіраўнік Магілёўскага медыцынскага каледжа раздаў навучэнцам партыйныя білеты «Белай Русі» разам з білетамі БРСМ. Кодэкс аб адукацыі дзейнасць палітычных партый ва ўстановах адукацыі забараняе.
У Крычаве гаворка ішла не пра навучэнцаў, а пра саміх настаўнікаў – пра звяно, праз якое партыйны праект трапляе ў клас без усялякай раздачы білетаў.
Як выглядае на практыцы парада брацца за незнаёмы кірунак, Вольга Чамаданава паказала трыма тыднямі раней.
8 жніўня яна выйшла з касой на экафестываль «Спораўскія сенакосы» ў Бярозаўскім раёне, і відэа з лугу абмяркоўвала ўся краіна: рухі касца старшыня партыі паўтарала старанна, але траву замест пракосу толькі псавала.
Маладым педагогам Крычаўшчыны прапануюць роўна тое ж самае – узяцца за справу, якой іх не вучылі.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва