крадзеная салярка

Двое сваіх, астатнія чужыя: у Бабруйскім раёне злавілі кіроўцу з 300 літрамі скрадзенай саляркі

21 ліпеня на селектарнай нарадзе Лукашэнка заявіў, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў не змагаюцца з раскрадальнікамі гаручага, а ўваходзяць з імі ў долю і крышуюць, як у ліхія 90-я.
У той жа дзень міністр унутраных спраў Іван Кубракоў сабраў уласны селектар і адчытаўся пра вынікі пошуку: знайшліся два ўчастковыя інспектары, якія самі заключылі дамовы з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і залівалі гаспадарчае паліва ў свае машыны. Абодвух звольнілі. «З-за двух нягоднікаў сёння ганьба ўсёй міліцыі», – падсумаваў міністр.
З таго часу ведамства Кубракова, у шэрагах якога выявілася роўна два пярэваратні ў пагонах, упэўнена ловіць грамадзянскае насельніцтва. На гэты раз у сетках магілёўскіх праваахоўнікаў заблытаўся бабруйскі кіроўца.
38-гадовы работнік мясцовай сельгасарганізацыі некалькі месяцаў запар зліваў салярку з рабочай тэхнікі і прадаваў знаёмым танней, чым яна каштуе на запраўцы. Набралася 300 літраў. Частку гаручага канфіскавалі, справа ўзбуджана.
Гаспадарка, з бакаў якой усё гэта сыходзіла, у зводцы не названа – праходзіць як «мясцовая сельгасарганізацыя».
Улоў за жнівень па вобласці выглядае так:

  • 4 жніўня у Горацкім раёне ў 56-гадовага пакупніка канфіскавалі 1440 літраў афарбаванага паліва, якое ён браў у работнікаў сельгаспрадпрыемстваў;
  • 11 жніўня там жа завялі справу на кіроўцу бензавоза: два месяцы ён зліваў рэшткі з цыстэрны, якая ехала да палявой тэхнікі;
  • 22 жніўня у горацкага прадпрымальніка знайшлі 240 літраў, набытых у кіроўцы адной з сельгасарганізацый.

Агульны лік падвёў начальнік Магілёўскага РАУС Сяргей Красавін у інтэрв’ю «Приднепровской ниве» 12 жніўня: з пачатку ўборачнай па адным Магілёўскім раёне канфіскавана 710 літраў гаруча-змазачных матэрыялаў, па вобласці – больш за 2700. Шаснаццаць пратаколаў, з іх дзесяць – на пакупнікоў.
Заадно Красавін растлумачыў, чым яшчэ занята міліцыя ва ўборачную: правярае вартавую ахову, глядзіць, ці ўсе работнікі на месцах і ці няма сярод іх выпіўшых. Называецца гэта прафілактыкай працоўнай дысцыпліны кожную хвіліну. Вартаўнікоў у гаспадарках, выходзіць, таксама вартуюць.
А ў Бабруйскім раёне салярка сыходзіла з бакаў некалькі месяцаў, і гаспадарка гэтага не заўважыла. Паліва выдавалі пад справаздачу там, а палічылі яго ў РАУС. Бухгалтэрыя ў міліцыі працуе лепш.
 Фота «Міліцыя Магілёўшчыны».

← Усе навіны Магілёва