Занясенне ў беларускі “экстрэмісцкі спіс” Інстаграма прадстаўніка украінскага МЗС Яраслава Чарнагора выклікала рэакцыю афіцыйнага Кіева.
Суд Горацкага раёна 25 жніўня прызнаў «экстрэмісцкім» Instagram-акаўнт амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Яраслава Чарногора. Сам дыпламат звязаў гэта з публікацыяй 24 жніўня пра незалежнасць Украіны і права беларусаў самастойна вызначаць будучыню сваёй краіны.
Праўда, ёсць нюанс: суд вынес рашэнне ужо на наступны дзень пасля публікацыі. Улічваючы, што такія справы звычайна рыхтуюцца загадзя і ў суд звяртаецца пракуратура, наўрад ці менавіта гэты пост стаў прычынай рашэння.
Чарногор успрыняў уключэнне свайго акаўнта ў спіс як чарговую спробу беларускіх уладаў абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі. Ён адзначыў, што напярэдадні ў Беларусі «экстрэмісцкімі» ўжо прызналі шэраг праграм, якія фінансуюцца Еўразвязам.
На думку ўкраінскага дыпламата, цяпер улады пайшлі далей – пад забарону трапіў яго публічны акаўнт. Чарногор параіў беларусам, якія яго чытаюць, перш за ўсё клапаціцца пра ўласную бяспеку, а сам паабяцаў працягваць працу «ў інтарэсах Украіны і бяспекі ўсёй Еўропы».
На рашэнне суда адрэагаваў і прэс-сакратар МЗС Украіны Георгій Тыхі. Ён заявіў, што рэжым Лукашэнкі «баіцца ўласнай цені» і спрабуе прымусіць замаўчаць незалежныя галасы.
У Кіеве правялі паралелі з нядаўнім прызнаннем «экстрэмісцкімі» праграмы SALT, якую падтрымлівае ЕЗ, праекта «Адукацыя для беларусаў» і Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі Літвы.
Украінскае МЗС заклікала ЕЗ патрабаваць ад лукашэнкаўскіх уладаў адмены гэтых рашэнняў, забеспячэння беларусам свабоднага доступу да інфармацыі і спынення рэпрэсій.
Фотаздымак: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
