Мемарыяльная дошка Аляксандру Дэмбавецкаму, губернатару Магілёўскай губерні, з’явілася на будынку абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава. Адкрывалі яе старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў, член палаты “прадстаўнікоў” Ігар Марзалюк, старшыня гарадскога «савета дэпутатаў» Святлана Сташэўская і старшыня Беларускага саюза мастакоў Андрэй Васілеўскі.
Дату Чарткоў назваў сімвалічнай: 1 верасня, а пры Дэмбавецкім у Магілёве з’явіліся жаночая гімназія, рэальнае і епархіяльнае вучылішчы, фельчарская школа.
На бронзе адліта: «Дэмбавецкі Аляксандр Станіслававіч (1840 – каля 1914), губернатар Магілёўскай губерні (1872-1893)». Год нараджэння правільны. Гады губернатарства таксама: прызначаны 30 сакавіка 1872 года, 30 жніўня 1893 года стаў сенатарам і з’ехаў у Пецярбург. Няправільнае трэцяе – тое самае «каля».
Дэмбавецкі перажыў не толькі 1914 год, але і імперыю.
У даведніку «Весь Петербург» на 1916 год сенатар значыцца як жыхар Італьянскай, 29, разам з жонкай і сынам, а годам пазней, у даведніку «Весь Петроград» на 1917 год, – Сергіеўскай, 13.
Памёр ён у Петраградзе 5 сакавіка 1920 года, пахаваны на могілках Аляксандра-Неўскай лаўры. Запіс аб смерці захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Санкт-Пецярбурга, нумар запісу і фонд пазначаны ў агульнадаступным артыкуле пра губернатара. Каб не адліваць «каля», ехаць у архіў не трэба было – дастаткова было адкрыць старонку ў інтэрнэце.
Прабелы ў біяграфіі Дэмбавецкага сапраўды ёсць, і трымаюцца на іх дзве даўнія легенды.
Першая – што ён пазашлюбны сын Аляксандра II: пра сям’ю і дзіцячыя гады губернатара звестак амаль не захавалася, а ў 1871 годзе, за год да прызначэння, ён суправаджаў імператара ў паездцы па Волзе, на Каўказ і ў Крым.
Другая – што ён родам з Лідчыны: у 1868 годзе Дэмбавецкі купіў маёнтак Бердаўка ў Лідскім павеце, а ў 1872 годзе быў абраны там ганаровым міравым суддзёй.
Да самога губернатара прэтэнзій няма, ён быў адміністратарам і гаспадарнікам рэдкай якасці. Асабіста аб’язджаў паветы і правяраў, як ліквідуюць выяўленыя недахопы, дамогся за дзесяць гадоў скарачэння нядоімак на мільёны рублёў. Забудаваў Магілёў тэатрам, гімназіяй, вучылішчамі і фельчарскай школай, правёў водаправод, разбіў сад на замчышчы, які доўга насіў яго імя.
І самае цікавае. Пад рэдакцыяй Дэмбавецкага тры дзясяткі спецыялістаў падрыхтавалі трохтомны «Опыт описания Могилевской губернии» – 1882-1884 гады, дзве карты і статыстыку па ўсіх паветах.
Чалавек, які пералічыў губерню да апошняй лічбы, атрымаў у свой гонар дошку са словам «каля».
