У Магілёве былы прарэктар, загадчык інтэрната ўніверсітэта і кастэлянша цягам 10 гадоў раскрадалі маёмасць на суму каля 14 тыс. рублёў.
Усе трое мелі доступ да матэрыяльных каштоўнасцяў універсітэта, займаліся іх улікам, захоўваннем альбо распараджэннем. Гэтым доступам, як высветліў суд з падачы пракуратуры, яны і злоўжывалі: сістэматычна прысвойвалі маёмасць навучальнай установы.
Каб рэчы не проста знікалі з уліку, у акты на спісанне ўносіліся непраўдзівыя звесткі. Так мэбля, пасцельныя прыналежнасці, сродкі для прыбірання і бытавая хімія на паперы законна пакідалі ўніверсітэцкі баланс, а насамрэч, паводле пракуратуры, аказваліся скрадзенымі.
Злачынная схема працавала цэлае дзесяцігоддзе, упэўнены людзі ў пагонах. За гэты час агульны кошт прысвоенай прарэктарам і яго падначаленымі маёмасці перавысіў 13,8 тыс. рублёў. Шчыра кажучы, не надта ўражваючая сума – у год менш за 140 рублёў на траіх. Падаецца, што такія грошы наўрацці сур’ёзна палепшалі матэрыяльнае становішча фігурантаў.
Тым не менш у судзе ўсе трое прызналі віну, раскаяліся і цалкам кампенсавалі нанесеную ўніверсітэту шкоду.
Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў кожнаму па два гады пазбаўлення волі паводле артыкула аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Аднак рэальна ў калонію яны пакуль не паедуць: выкананне асноўнага пакарання адтэрмінавана на два гады.
Былому прарэктару і загадчыку інтэрната дадаткова прызначылі штрафы па 100 базавых велічынь – па 4500 рублёў. Кастэляншы – 50 базавых, або 2250 рублёў.
Усім траім на пяць гадоў забаронена займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі функцыямі, а таксама працаваць там, дзе давядзецца ўлічваць, захоўваць ці размяркоўваць матэрыяльныя каштоўнасці. Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
