Ляйчынскі

«Не кіпішуйце»: у Хоцімску першы сакратар райкама КПБ растлумачыў блогерам, каму можна скардзіцца

Хоцімская раённая газета «Шлях Кастрычніка» выйшла з калонкай пра блогераў, якія здымаюць на тэлефон лужыны, выбоіны, зламаныя лаўкі і някошаныя могілкі. На думку аўтара, гэта бура ў шклянцы і спосаб засвяціцца.
Інструкцыя такая: убачыў някошаныя могілкі – купі бензакасу, прыязджай на малую радзіму і касі сам; заўважыў адкрыты інспекцыйны люк у падлозе аўтобуса – скажы кіроўцу або патэлефануй у 115.
Склаў гэтую інструкцыю Аляксандр Ляйчынскі, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі газеты «Шляху Кастрычніка» і адначасова першы сакратар Хоцімскай раённай арганізацыі КПБ.
У 2024 годзе кампартыя вылучала яго кандыдатам у «дэпутаты», на з’ездзе яму ўручылі памятны медаль ЦК КПРФ, а абласны конкурс называў яго лепшым журналістам мясцовых СМІ. Аўтару шэсцьдзесят восем, і маладых блогераў ён выхоўвае з вышыні гэтага стажу.
Сама парада гучыць разумна: патэлефанаваць у 115 хутчэй, чым мантаваць ролік. Неўвязка ў тым, што канал публічных скаргаў дзяржава завяла сабе сама. З 18 мая на «Беларусь 1» ідзе праграма «В понедельник дойдет до Лукашенко» – разбор вірусных ролікаў з TikTok, які ў эфіры называюць рэвізіяй сацсетак. Адзін і той жа апарат у прайм-тайм разбірае скаргі, знятыя на тэлефон, а праз раённую газету тлумачыць, што здымаць іх сорамна.
Другую палову калонкі аўтар адводзіць уласнаму публічнаму абурэнню. У Пецярбургу на 10 і 11 кастрычніка анансаваныя канцэрты Канье Уэста, які ў 2022 годзе публічна выказваў сімпатыю да Гітлера. 

Ляйчынскі называе рэпера падонкам, пераказвае каментары Пяскова і Захаравай, саромеецца за ленінградцаў, якія раскупілі 80 тысяч білетаў за дзень, і заканчвае Цютчавым – розумам Расію не зразумець. 

Права на гучны публічны тэкст ён пакідае за сабой. Проста адрасаваны гэты тэкст не ў Хоцімск, а “ненавіснікам” фашызму, якія прапагандуюць вайну ва Украіне.
Адначасова ў калонцы прагаворана тое, міма чаго раённыя газеты звычайна праходзяць. Спрачаючыся з тымі, хто абмяркоўвае заробак камбайнера з TikTok, які намалаціў за 40 дзён 3000 тон, аўтар прыводзіць свайго земляка – хоцімчаніна Аляксандра Папраўку з 1700 тонамі – і дадае: дай яму ўраджайнасць хаця б 40 цэнтнераў з гектара, ён сабраў бы не менш за тры тысячы. То бок розніца не ў людзях і не ў камбайнах. 

Аднак сарака цэнтнераў няма і ў Магілёўскім раёне, адным з лідараў вобласці: на 11 жніўня сярэдняя ўраджайнасць там складала 37,1 цэнтнера з гектара. Няма і не прадбачыцца па той простай прычыне, што калгасы ўсюды і заўсёды былі заняткам стратным.
Правіла, якое вынікае з калонкі Ляйчынскага, прасцей за параную рэпу. Скардзіцца публічна нельга, калі ты жыхар Хоцімшчыны і скардзішся на някошаныя могілкі. Можна, калі ты першы сакратар райкама і скардзішся на Пецярбург.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва