ДНЦ-маркет

У Бабруйску зачыняецца магазін “ДНЦ-маркет”

Адна з маладых беларускіх гандлёвых сетак “ДНЦ-маркет” пачала працэдуру ліквідацыі. Яе магазін ёсць у Бабруйску.

Гісторыя адной з самых маладых беларускіх гандлёвых сетак аказалася нядоўгай. Першыя магазіны «ДНЦ-маркет» пачалі адкрывацца толькі ў 2025 годзе, а ўжо ў жніўні 2026-га кампанія прыняла рашэнне аб ліквідацыі. Усяго да траўня 2026 года «ДНЦ-маркеты» паспелі з’явіцца ў Мінску, Жодзіне, Бабруйску, Баранавічах, Слоніме, Гродне, Маладзечне, Пружанах, Бярозе, Лідзе і Пінску. У Бабруйску магазін адчыніўся ў снежні 2025 года.

Сетка спрабавала працаваць у гібрыдным фармаце. Частка гандлёвай залы выглядала як звычайны магазін са стэлажамі, другая нагадвала склад – тавары ў вялікіх упакоўках і «пра запас» прадаваліся проста з палет.

Заснаваў кампанію былы топ-менеджар групы «Ромакс», якая раней валодала сеткай «Востраў чысціні». Аднак ужо ў пачатку 2026 года «ДНЦ-маркет» актыўна шукаў інвестараў. Разглядаліся розныя спосабы атрымаць грошы – ад пазыкі да перадачы інвестару долі ў кампаніі з магчымасцю ўдзельнічаць у яе кіраванні.

Пра тое, што бізнес шукаў сваю мадэль не толькі ў гандлёвай зале, сведчыць і частая змена кіраўніцтва. Паводле Office Life, да пачатку ліквідацыі ў кампаніі паспелі змяніцца шэсць кіраўнікоў. Апошнім дырэктарам стаў заснавальнік «Вострава чысціні» Віктар Ромук. На пасадзе ён прабыў роўна тры месяцы – з 19 мая да 18 жніўня 2026 года.

Фінансавыя вынікі таксама аптымізму не дадавалі. За 2025 год пры выручцы ў 842 тыс. рублёў «ДНЦ-маркет» атрымаў 633 тыс. рублёў чыстай страты.

Фотаздымак: ТГ “ДНЦ-маркет”

← Усе навіны Магілёва