слесар

У Магілёве пакалечаны слесар праз суд спагнаў кампенсацыю за траўму на заводзе

Работнік аднаго з магілёўскіх заводаў быў вымушаны праз суд дабівацца грашовай кампенсацыі за тое, што стаў інвалідам падчас працы.

Працоўная змена на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Магілёва ў лютым 2025 года скончылася для слесара цяжкімі траўмамі, а затым і інваліднасцю. Няшчасны выпадак адбыўся, калі пры дапамозе крана перамяшчалі паўплатформу. Канструкцыя ўпала на слесара. Мужчына атрымаў пашкоджанні, перанёс аперацыі і працяглае лячэнне.

Пасля гэтага яму прызначылі трэцюю групу інваліднасці і вызначылі страту прафесійнай працаздольнасці на 30%. Вярнуцца да ранейшай працы па спецыяльнасці ён ужо не мог.

Расследаванне няшчаснага выпадку выявіла парушэнні правілаў бяспекі як з боку пацярпелага, так і іншых работнікаў. Аднак грубай неасцярожнасці ў дзеяннях слесара не знайшлі.

Гэта стала істотным і ў судзе. Кран з’яўляецца крыніцай павышанай небяспекі, а адказнасць за яго эксплуатацыю нясе ўладальнік – у гэтым выпадку завод. За маральную шкоду пакалечаны работнік патрабаваў 70 тыс. рублёў.

Прадпрыемства плаціць не хацела. Яго прадстаўнікі нагадвалі, што слесар ужо атрымаў амаль 55 тыс. рублёў паводле калектыўнай дамовы, а таксама спрабавалі давесці, што ў здарэнні вінаваты сам работнік. Пераканаўчых доказаў апошняму суд не знайшоў.

У выніку суд Ленінскага раёна Магілёва пастанавіў спагнаць з завода на карысць слесара суму кампенсацыі маральнай шкоды ўдвая меншую за запатрабаваную – 35 тыс. рублёў. Яшчэ 1250 рублёў прадпрыемства павінна аплаціць за юрыдычную дапамогу, якой мужчыну давялося скарыстацца.

Завод паспрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне, але Магілёўскі абласны суд пакінуў яго ў сіле.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва