школьнікі зарплата

Працоўныя кніжкі выдалі, заробак – не: крычаўскіх школьнікаў разлічылі толькі пасля пракурора

Сельгасарганізацыя Крычаўскага раёна не выплаціла дзесяці ўдзельнікам студэнцкага атрада заробленыя за два тыдні грошы – пракуратура налічыла запазычанасць звыш 3,4 тысячы рублёў. Дзевяць з дзесяці работнікаў – непаўналетнія. 

Атрад з 18 па 31 жніўня выконваў у гаспадарцы падсобныя работы па працоўных дагаворах. У апошні дзень жніўня дагаворы скончыліся, хлопцаў і дзяўчат звольнілі і выдалі ім працоўныя кніжкі, але канчатковы разлік, які паводле Працоўнага кодэкса належыць зрабіць не пазней за дзень звальнення, не правялі. 

Пракурор раёна вынес кіраўніку прадпрыемства прадпісанне, запазычанасць пагасілі. У сярэднім на кожнага прыпала каля 340 рублёў за два тыдні.
Гэта другі за месяц такі выпадак на Магілёўшчыне. У жніўні пракуратура Слаўгарадскага раёна выявіла, што ў адной сельгасарганізацыі пяці ўдзельнікам студатрада не налічылі даплату да мінімальнага заробку, а ў другой пяці не выплацілі канчатковы разлік пры звальненні. Схема рэагавання там была тая ж – прадпісанне пракурора.
Рамантыку студатрадаў улады прадаюць ахвотна: атрады носяць імёны герояў, старт сезона раёнкі падаюць як «уклад у агульную справу», абласны штаб дае справаздачы пра тысячы працаўладкаваных. Але калі справа даходзіць да разліку, у сілу ўступае знакамітая неплацежаздольнасць беларускіх калгасаў.
Агульнае ў абодвух паведамленняў і іншае: ні ў Слаўгарадскім, ні ў Крычаўскім раёне пракуратура не называе ні гаспадаркі, ні яе кіраўніка, а адзінай мерай застаецца патрабаванне выплаціць тое, што і так належала. Хто з кіраўнікоў сельгасарганізацый рэгіёна адправіў школьнікаў дадому без грошай, з паведамленняў нагляднага ведамства даведацца нельга. Магчыма, наперадзе ў іх яшчэ кіраўніцтва раёнам.

Фота ілюстрацыйнага характару.

← Усе навіны Магілёва