Пісьменнік Сяргей Антонаў, які пакінуў Беларусь у 2023 годзе пасля допыту ў быхаўскім КДБ і двух сутак арышту, абвясціў збор сродкаў на сваю новую кнігу. Плануецца, што містычны дэтэктыў «Крыж Еўфрасінні», прысвечаны гісторыі знікнення святыні з Магілёва ў 1941 годзе, выйдзе на беларускай мове.
“Я хачу вярнуцца ў літаратуру, але ўжо з выразным беларускім акцэнтам, з кнігамі, якія пішуцца ў Польшчы і выходзяць на беларускай мове” – заяўляе Сяргей.
Антонаў – аўтар шаснаццаці раманаў. Яны выдадзены ў Польшчы, Германіі, Венгрыі, Літве і Паўднёвай Карэі.
Сумарны наклад прададзеных асобнікаў – больш за чатыры сотні тысяч.
У Беларусі ў Антонава выдадзены толькі адзін раман, прысвечаны масаваму знішчэнню быхаўскіх яўрэяў. Наклад кнігі «Лоскутные звезды» – 300 асобнікаў. Для параўнання: наклад бестселера «Темные туннели» – 140 тысяч асобнікаў.
Падтрымаць аўтара і замовіць кнігу можна на платформе «Гронка».
Фота «Гронка».
