Гамяльчанка

Гамяльчанка абакрала на магілёўскім рынку двух прадаўцоў на 2000 рублёў

Прадавец гарадскога рынку ў Магілёве звярнулася ў Ленінскі РУУС: на працы з яе сумкі зніклі 30 000 расійскіх рублёў. Па запісах камер відэаназірання аператыўнікі выйшлі на 45-гадовую жыхарку Гомеля, раней судзімую за такія ж крадзяжы.
Дзейнічала яна, паводле версіі міліцыі, абдумана: адцягвала прадаўца размовай, незаўважна выцягвала грошы з сумкі, потым пераапраналася і сыходзіла з рынку.
Пры праверцы высветлілася, што на тым жа рынку пры падобных абставінах гамяльчанка забрала яшчэ 1000 беларускіх рублёў.
Распачата крымінальная справа.
Трыццаць тысяч у адным эпізодзе і тысяча ў другім выглядаюць як буйны і дробны крадзяжы, але гэта дзве розныя валюты.
Паводле курсу Нацбанка на пачатак верасня сто расійскіх рублёў каштуюць каля 3,56 беларускага, то бок 30 000 расійскіх – гэта прыкладна 1070 рублёў.
Абодва крадзяжы амаль роўныя, а разам з рынку знікла крыху больш за дзве тысячы рублёў.
Цікава, што дзяржаўнае СМІ, перадрукаваўшы міліцэйскую інфармацыю, назвала два эпізоды «серыяй крадзяжоў».

Фота скрыншот відэа «Міліцыя Магілёўшчыны»

← Усе навіны Магілёва