Аляксандр Гарошкін

Стандарты Гарошкіна: кіраўнік абласнога «савета дэпутатаў» прапаведуе ў раёнах

Працягваецца ваяж старшыні абласнога «савета дэпутатаў» Аляксандра Гарошкіна па раёнах. Днямі ён быў у Слаўгарадзе – еў каравай і мармелад, хадзіў на экскурсіі, глядзеў кіно, а адначасова прыняў праграму развіцця вобласці на найбліжэйшую пяцігодку.
У аграгарадку Касцюшкавічы Крычаўскага раёна ён адкрываў дзіцячую пляцоўку.
Пасля пляцоўкі Гарошкін зайшоў у ФАП і сельскі магазін і выказаў меркаванне: якасць жыцця не павінна вымярацца кіламетрамі ад сталіцы, падзел грамадзян на «гарадскіх» і «сельскіх» у доступе да базавых даброт – шлях у нікуды, у кожнага ў крокавай даступнасці павінны быць медыцына, адукацыя і інфраструктура. Запярэчыць няма чаму – з такім жа поспехам Гарошкін мог бы заявіць пра тое, што падтрымлівае дзесяць запаведзяў, якія Гасподзь перадаў нам праз Майсея.
Пытанне ў тым, што мяняе меркаванне Гарошкіна, пасада якога быццам бы і створана для таго, каб сціраць мяжу паміж горадам і вёскай.
Адказ дала тая ж паездка. У Крычаве Гарошкін правёў прыём грамадзян: прыйшла адна жыхарка горада, прасіла дапамагчы з працаўладкаваннем і з устанаўленнем дакладнага медыцынскага дыягназу – то бок роўна з тымі базавымі дабротамі, пра якія ішла гаворка каля ФАПа.
Старшыня «даў профільным службам шэраг канкрэтных даручэнняў для дэталёвай прапрацоўкі пытання», выкананне «ўзята пад кантроль».
Чаму для пастаноўкі дыягназу спатрэбіўся прыём у старшыні абласнога «савета», раёнка не піша.
Насамрэч дыягназ тут просты: прызначаныя «дэпутаты» выконваюць чыста дэкаратыўныя функцыі і спецыялізуюцца на індустрыі пералівання з пустога ў парожняе.

Фота крычаўскай раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва