Год зняволення з гадавой адтэрміноўкай атрымала бабруйчанка, якая грала ў анлайн-казіно за кошт састарэлай маці сваёй знаёмай.
Жыхарка Бабруйска знайшла грошы для азартных гульняў у кашальку маці сваёй знаёмай. Дакладней, ёй спатрэбілася не сама гатоўка, а банкаўская картка жанчыны 1945 года нараджэння.
У лютым 2026 года да жанчыны прыйшла ў госці знаёмая, якая мела пры сабе картку сваёй маці. У нейкі момант яна пакінула яе без нагляду, чым гаспадыня і скарысталася. Яна далучыла чужую картку да ўласнага акаўнта ў анлайн-казіно. Пасля гэтага не менш за дзесяць разоў папаўняла з яе свой гульнявы рахунак. Так састарэлая жанчына, сама таго не ведаючы, прафінансавала чужую азартную гульню на 795 руб.
Знікненне грошай заўважыла сама ўладальніца карткі. Яна папрасіла ўнука схадзіць разам з ёй у банк і праверыць, куды падзеліся грошы. Выпіска паказала нечаканы для пенсіянеркі кірунак выдаткаў – анлайн-казіно. Па просьбе бабулі ўнук звярнуўся ў міліцыю.
Справа дайшла да суда Бабруйскага раёна і Бабруйска, дзе абвінавачаная цалкам прызнала віну і яшчэ да прысуду вярнула скрадзеныя 795 руб.
Цікава, што падсудная зяўляецца шматдзетнай маці – выхоўвае трох непаўналетніх дзяцей, двое з якіх малалетнія. Гэта стала змякчаючай акалічнасцю, а тое, што грошы былі скрадзеныя ў заведама састарэлай жанчыны, наадварот, абцяжарыла яе віну.
У выніку нячыстую на руку жанчыну прызналі вінаватай у крадзяжы маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі і прысудзілі год пазбаўлення волі. Аднак у калонію яна не адправіцца, калі на працягу гадавога выпрабавальнага тэрміну не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя судом абавязкі.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
