кароўнік

Кароўнікі Магілёўшчыны «даюць жывыя грошы», але чамусьці будуюцца за бюджэтны кошт

Малочнатаварны комплекс на 756 кароў адкрылі у Бабруйскім раёне. Стужку пераразаў міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў. Гаспадарка «Варатынь» – філіял ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», а рашэнне будаваць, паводле слоў дырэктара завода Ігара Фацеева, прымалася на ўзроўні Мінпрама і старшыні аблвыканкама. Два кароўнікі з даільнай залай, радзільнае аддзяленне і прафілакторый на 240 цялят пабудавалі за пятнаццаць месяцаў, з мая 2025-га да канца жніўня.
Дойны статак філіяла – 1579 галоў, таму новы комплекс змяшчае менш за палову; астатнія пакуль застаюцца ў памяшканнях, якім па пяцьдзясят гадоў. Ад пераезду чакаюць плюс сем тон малака за дзень да цяперашніх 33 без ніводнай новай каровы – толькі за кошт умоў утрымання. Кіраўнік філіяла Канстанцін Шкельцін лічыць, што доля гатунку экстра вырасце з 70 працэнтаў амаль да ста, а надой – з 20 літраў на карову да 30. Малако дае філіялу больш за мільён рублёў у месяц і ідзе на Пухавіцкі завод, на дзіцячае харчаванне.
Чаго няма ні ў БЕЛТА, ні ў абласнога агенцтва, ні на сайце МТЗ, ні ў раёнцы – кошту комплексу і назвы падрадчыка.
Затое першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі назваў, за чые грошы будуюцца астатнія: у вобласці цяпер каля 17 комплексаў, да канца года ўвядуць яшчэ мінімум пяць. Тры з іх з удзелам рэспубліканскага бюджэту (Глускі, Быхаўскі, Слаўгарадскі раёны) і два з удзелам бюджэту Мінска (Бабруйскі і Крычаўскі). То бок з шасці кароўнікаў, пяць аплачваюць з бюджэту краіны або сталіцы, а шосты – трактарны завод па рашэнні міністэрства.
Савіцкі на адкрыцці сказаў, што буронкі «даюць жывыя грошы». Мяркуючы па тым, што за кароўнікі плаціць падаткаплацельшчык, жывых грошай за трыццаць гадоў у калгасаў не было.
І, хутчэй за ўсё, не будзе. Бо жывыя грошы вельмі любяць чыноўнікі, якія пастаянна павышаюць сабе заробкі, а іх у краіне больш, чым кароў.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва