Гарошкін

«Дэпутат» Гарошкін адрамантуе лесвіцу ў Магілёве ў 2027-м. Сацсеткі вырашаюць такія пытанні за два тыдні

Лесвіцу з праспекта Міра на вуліцу Катоўскага ў Магілёве капітальна адрамантуюць у 2027 годзе – такі адказ атрымаў на асабістым прыёме ў старшыні абласнога «савета дэпутатаў» Аляксандра Гарошкіна старшыня мікразоны «Падгорная – Падміколле».
Заяўнік прыйшоў з двума пытаннямі па добраўпарадкаванні: спуск каля дома № 13а па вуліцы Катоўскага і штучная няроўнасць на з’ездзе з Дзебранскага спуску на Катоўскага і Малую Грамадзянскую.
Гарошкін пахваліў яго за неабыякавасць да месца, дзе той жыве, і назваў зварот абсалютна правільным. Лесвіца, паводле яго слоў, запатрабаваная і павінна быць адрамантавана, пытанне вырашаць адназначна, фінансаванне прадугледзяць, работы выканаюць. Тэрмін – наступны год. Тэму кіраўнік абласнога «дэпутацкага корпуса» ўзяў на асабісты кантроль.
З «ляжачым паліцэйскім» пэўнасці яшчэ менш. У мікразоне ў найбліжэйшы час папрацуе камісія, якая і скажа, ці патрэбна там няроўнасць і дзе менавіта яе класці.
Другой наведвальніцай, пра якую расказана ў справаздачы, стала магілёўка з прыватызаванай кватэрай у чатырохкватэрным доме ў аграгарадку Пудоўня Дрыбінскага раёна. Яна дамагаецца капітальнага рамонту будынка.
Гарошкін даў даручэнні службовай асобе ААТ «ЧерневкаАгро» і Дрыбінскаму раённаму «савету дэпутатаў» і вызначыў тэрміны. Што менавіта даручана і да якога чысла, не паведамляецца.
Між тым у тым жа Магілёве толькі што адрамантавалі іншую лесвіцу – без прыёму, камісіі і асабістага кантролю.
У канцы жніўня гараджанка паскардзілася ў сацсетках на разбіты спуск да набярэжнай Дубравенкі. У першых чыслах верасня старыя прыступкі разабралі, а яшчэ праз некалькі дзён першы пралёт быў гатовы – з тратуарнай пліткай і пандусам для калясак.
Скарга ў сацсетках дала вынік за два тыдні. Візіт да кіраўніка абласнога «савета дэпутатаў», пахвала за актыўную пазіцыю і асабісты кантроль даюць тэрмін больш за год.
Выбірайце, куды звяртацца.

Фота «Могилевские ведомости».

← Усе навіны Магілёва