Тралейбус

У Бабруйску адкрылі помнік тралейбусу

Першы тралейбус, які з’явіўся менш за 50 гадоў таму ў Бабруйску, цяпер стаў славутасцю горада.

Адкрыццё помніка прымяркавалі да новага свята. Зразумела, што галоўнымі на мерапрыемстве былі гарадскія ўлады. 

ЗІУ-9, які цяпер стаіць на пастаменце на ўездзе ў Бабруйск з Мінску, паехаў па горадзе ў 1978 годзе. На ім таблічка з нумарам маршруту: “1” БШК – вул. Дзяржынскага. Ажно да 80-гадоў іншых маршрутаў у горадзе на Бярэзіне не было. 

Як піша komkur.info, колькасць маршрутаў за прайшоўшы час не моцна вырасла, аднак працягласць кантактнай сеткі павялічылася двухразова: з 17 да амаль 40 кіламетраў. Таксама да тралейбусаў там адносяць і электробусы. “Шэсць машын працуюць на аўтаномным ходзе. Усяго ж у распараджэнні парку 41 адзінка рухомага складу, амаль 30 з іх-у актыўнай штодзённай эксплуатацыі”, – адзначае выданне.

Дарэчы, Бабруйск дагэтуль застаецца адзіным раённым цэнтрам Беларусі, дзе курсуюць тралейбусы.

Фотаздымак: komkur.info

← Усе навіны Магілёва