дворнічыха

У Асіповічах дворнічыха змяла чужы кашалёк у вядро са смеццем – і трапіла на камеру

У Асіповічах распачата крымінальная справа аб крадзяжы з-за кашалька, забытага на лаўцы: дворнічыха, якая яго знайшла, не вярнула рэч, а змяла ў вядро разам са смеццем.
Гаспадар партманэ сядзеў на гэтай лаўцы ўвечары і сышоў без яго. Успомніў пра прапажу раніцай, збіраючыся на працу, выйшаў на вуліцу, нічога не знайшоў і звярнуўся ў міліцыю. Да таго часу двор ужо прыбралі.
Жанчына з мятлой заўважыла забытую рэч на досвітку, акуратна скінула яе на зямлю і адправіла ў вядро. Пазней яна дастала купюры, а ад кашалька пазбавілася.
Раскрыццё пададзена як заслуга сышчыкаў, якія «хутка ўстанавілі», хто прыставіў кашальку ногі. Аднак справа не ў бліскучых метадах расследавання Пуаро і нават не ў дэдукцыі Холмса – да паведамлення прыкладзены дзевяцісекундны запіс камеры назірання: чалавек у аранжавай камізэльцы з мятлой. Уся аперацыя з вядром, прыдуманая, каб ніхто нічога не заўважыў, аказалася знятай ад пачатку да канца.
Гэта трэцяе за дзесяць дзён паведамленне з Магілёўшчыны, дзе справа трымаецца на відэазапісе. Тыднем раней у Магілёве па камерах устанавілі 45-гадовую жыхарку Гомеля, якая выцягнула з сумкі прадаўца гарадскога рынку 30 тысяч расійскіх рублёў і пасля кожнага крадзяжу пераапраналася. Яшчэ праз два дні гэтак жа знайшлі 60-гадовага магілёўца, які ноччу сарваў з міначкі ланцужок і бранзалет.
У Беларусі працуе каля 60 тысяч камер рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Паводле даных МУС, у 2025 годзе яна дапамагла раскрыць больш за чатыры тысячы злачынстваў – амаль удвая больш, чым годам раней. Чыя камера глядзела на асіповіцкую лаўку – сістэмы маніторынгу, дамавая ці магазінная, у паведамленні не ўдакладняецца.

Фота скрыншот відэа ОС Exclusive.

← Усе навіны Магілёва