знос дамоў

У Бабруйску хочуць знесці 59 прыватных жылых дамоў пад новы мікрараён

Новы мікрараён уздоўж Георгіеўскага праспекта прадугледжвае знос прыватнага сектара, аднак год зносу ўлады не паведамляюць.

У Бабруйскім гарвыканкаме 18 верасня 2026 года прайшло грамадскае слуханне будаўніцтва новага мікрараёна у межах Георгіеўскага праспекта, вуліц Мінскай, Шмідта і Валадарскага, на мяжы Ленінскага і Першамайскага раёнаў горада. План будаўніцтва прадугледжвае ўзвядзенне 14 шматпавярховак на 16 гектарах. Пад знос для новага будаўніцтва пойдуць 59 прыватных жылых дамоў, піша komkur.info.

Падчас прэзентацыі плана аўтары праекта казалі, што план дэталёвай планіроўкі раёна – толькі частка генеральнага плана горада, зацверджанага і прынятага Саўмінам яшчэ ў 2018 годзе. Паводле іх, увесь прыватны сектар у цэнтры горада з часам саступіць месца шматпавярховай забудове. 

Аднак людзей у зале цікавіла іншае: калі пачнецца знос іх дамоў з наступным будаўніцтвам шматпавярховак. Бо хтосьці ўзвёў катэдж наўзамен старога бацькоўскага дома, хтосьці правёў газ, хтосьці проста абнавіў плот, ці варта далей выдаткоўваць свае грошы і час, калі, можа быць, заўтра гэта ўсё зруйнуецца.

Чыноўнікі ў сваю чаргу запэўнівалі: як заўсёды бывае ў такіх выпадках, жыхарам прыватнага сектара дадуць добраўпарадкаваныя кватэры або выплацяць грашовыя кампенсацыі.

Паводле арганізатараў прэзентацыі плана, ён пакуль папярэдні і вызначаюцца толькі зоны – жылыя, рэкрэацыйныя, грамадскія. Адзіны тэрмін, які цяпер вядомы – 2035 год. Гэтай датай абмежаваная рэалізацыя праекта жылога масіва. То бок, на пытанне, калі пачнецца знос, жыхары адказу не атрымалі.

Грамадскае абмеркаванне будучага жылога раёна прадоўжацца да 30 верасня. Пасля чаго будзе скліканы горадабудаўнічы савет, на якім разгледзяць усе звароты, якія паступілі. 

Фотаздымак: komkur.info

← Усе навіны Магілёва