З магілёўскім “Чалавекам года” знікла вядучая праўладнага тэлебачання

«Чалавек года Магілёўшчыны – 2025» у намінацыі «грамадска-палітычная дзейнасць» Аляксандр Лаўрыновіч збег ад міліцыі не адзін. З ім, праўдападобна, знікла і вядучая тэлеканала «Беларусь 2» Наталля Паўшок.

Кінуць усё

“Кінула працу на тэлебачанні і збегла з ім, нават заяву [на звальненне] не напісаўшы. Ён нават не развёўся з жонкай. Проста кінуў іх з дзіцем і пакаціў”, – паведаміла крыніца “Зеркала”, знаёмая з дэталямі гісторыі.

Паводле суразмоўцы, Аляксандр Лаўрыновіч, які акрамя “Чалавека года” быў яшчэ «дэпутатам» Магілёўскага гарсавета і дырэктарам ТАА «Фестивали бай», у мінулым быў ініцыятарам моладзевых праектаў, пры гэтым яго ўласнае жыццё ў апошні час кіпела з-за рамана з Паўшок.

“Вобраз дэпутата, які прасоўвае сямейныя каштоўнасці, і вобраз Аляксандра Лаўрыновіча, які ён ёсць у жыцці, насамрэч несупастаўныя”, – сцвярджае крыніца.

Наталлі Паўшок 29 гадоў, яна працавала на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 2». Таксама яна ўдзельнічала ў праектах каманды Лаўрыновіча – вяла “Фабрыку блогераў” і была крэатыўнай прадзюсаркай серыяла “Зумеры”.

Зараз беларускі нумар тэлефона тэлевядучай недаступны. З лютага 2026 года ў яе Instagram перасталі з’яўляцца новыя публікацыі.

Вандроўныя артысты

Праз нейкі час імёны Лаўрыновіч і Паўшок з’явіліся ў публікацыі новага праекта Creative global group, які займаўся арганізацыяй мерапрыемстваў у Дубаі. “Мы міжнародная кампанія, якая адкрыла прадстаўніцтва ў ААЭ”, – сцвярджалі яе стваральнікі.

У сацсетках праекта Лаўрыновіча прадстаўлялі дырэктарам, а Паўшок — партнёрам і крэатыўным прадзюсарам. Рэкламу новай фірмы актыўна рассылалі па чатах рускамоўных жыхароў Дубая. Пад адным з такіх пастоў Паўшок з асабістага акаўнта пакінула рэкамендацыю, нібыта сама была кліенткай фірмы і ёй усё спадабалася.

З нумарам тэлефона эмірацкай фірмы быў звязаны тэлеграм-акаўнт з імем A&N. за гэтымі літарамі ў тэорыі могуць стаяць імёны Аляксандр і Наталля. “Працуем у пары: таргетынг, AI-крэатывы, сцэнары, прадзюсаванне, СММ», – гаворыцца ў яго апісанні.

Ужо ў красавіку 2026 года Аўтары акаўнта зацікавіліся новым пераездам. “Мы пара з Беларусі. Плануем пераезд у Іспанію. Разглядаем горад Альмерыя”, – пісалі яны за дзень да абвяшчэння Лаўрыновіча ў міждзяржаўны вышук на радзіме.

Праз некалькі тыдняў ужо прадстаўляліся расейцамі і збіраліся ў Чарнагорыю, пасля даведваліся аб легалізацыі ў Мексіцы. Мяркуючы па актыўнасці ў чатах, у выніку A&N ўсё ж такі апынуліся ў Чарнагорыі.

Нядаўна парны разлік стаў прасоўваць новы праект, тварам якога выступіла Наталля Паўшок. Цяпер былая тэлевядучая прапануе анлайн-заняткі па мастацкай гімнастыцы. Яна ўяўляецца як “майстар спорту, член нацыянальнай зборнай, чэмпіёнка рэспублікі і трэнер па мастацкай гімнастыцы”.

Фотаздымак: Creative global group

← Усе навіны Магілёва