22-гадовы Ілля Крыштаповіч праваяваў супраць украінцаў тры месяцы. Маці не можа выбіць ад Масквы “грабавыя”.
Ілля вучыўся ў Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя А. Я. Ларына на аператара станкоў, прайшоў таксама падрыхтоўку па лазернай рэзцы. Аднак працаваць па спецыяльнасці не стаў. У 2025 годзе Крыштаповіч апынуўся ў Маскве, дзе нейкі час жыў у хостэле «Часовы Дом 2». Паводле пазнейшых паведамленняў яго маці ў тэлеграм-чатах, кантракт з расійскім войскам сын аформіў менавіта ад Масквы, бо там прапаноўвалі большыя выплаты, піша “Наша ніва”.
Неўзабаве бабруйчанін ужо ваяваў ва Украіне. Ён трапіў у 3-ю роту 1-га мотастралковага батальёна і атрымаў пазыўны «Сімпсан». Аднак доўга паваяваць за расійскія грошы не атрымалася. Прыкладна праз тры месяцы, 29 чэрвеня 2025 года, падчас інтэнсіўных баёў на кірунку Верхнякаменскае – Северск 22-гадовы найміт знік без вестак.
Цела беларуса, паводле прадстаўленай інфармацыі, так і не знайшлі. Пазней яго афіцыйна прызналі загінулым. Пасля гэтага для сям’і скончылася гісторыя з вайсковым кантрактам і пачалася іншая – з атрыманнем выплат за загінулага.
Бацькі ўжо атрымалі асноўныя выплаты, якія належаць сям’і загінулага вайскоўца. Цяпер яны спрабуюць дамагчыся яшчэ і дадатковых рэгіянальных выплат ад Масквы. Пра праблемы з іх атрыманнем маці Крыштаповіча піша ў тэлеграм-чатах.
Фотаздымак: “Наша ніва”
