Жыхар Бабруйскага раёна атрымаў тры гады пазбаўлення волі за тое, што ўдарыў жонку нажом у жывот ,Віны 50-гадовы мужчына не прызнаў: і на следстве, і ў судзе ён настойваў, што жонка параніла сябе сама. Усё здарылася ў маі ў доме агульнага знаёмага, куды пара прыйшла ў госці. Пасля выпіўкі сужэнцы пасварыліся, муж схапіў нож, які ляжаў на стале, і ўдарыў жонку ў левы бок. Лязо пранікла ў брушную поласць, рана была небяспечная для жыцця. Версію пра тое, што жанчына паранілася сама, абверглі паводзіны абвінавачанага. З гасцей ён паспешліва сышоў, дома не з’яўляўся, хаваўся ад міліцыянераў, якія прыехалі па выкліку пра нажавое раненне, і быў затрыманы толькі на наступныя суткі. У судзе пры гэтым запэўніваў, што тую ноч праспаў у сябе. А ўвечары пасля сваркі прагаварыўся прыяцелю, што ўдарыў жонку нажом у жывот. Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў мужчыну вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання. Прысуд – тры гады пазбаўлення волі.
Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц
