Залацісты баравік

Залацісты «натаўскі» баравік дабраўся да Бабруйскага раёна

У лясах Бабруйскага раёна збіраюць залацісты баравік. Першай кошык такіх грыбоў на пачатку верасня паказала ў інстаграме  дасведчаная грыбніца, а ў мінулыя выхадныя некалькі асобнікаў выклала ў групе «Грибные войска»  яшчэ адна аматарка ціхага палявання.
баравік

Паводле слоў грыбнікоў, раней у Магілёўскай вобласці гэты грыб не знаходзілі. Родам залацісты баравік з Паўночнай Амерыкі. У 1980-х яго выпадкова завезлі з саджанцамі на Куршскую касу ў Літве, адтуль ён распаўсюдзіўся па Польшчы, Украіне і Беларусі. 

У Беларусі яго ўпершыню дакументальна пацвердзілі ў 2018 годзе ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, а масава ён пачаў з’яўляцца ў апошнія пяць гадоў. 

Грыбнікі ацэньваюць хуткасць, з якой грыб прасоўваецца па краіне, прыкладна ў 200 кіламетраў за год . 

Госць ядомы і належыць да першай катэгорыі. Чарвівым бывае рэдка, расце нават у засушлівае надвор’е, пры варцы захоўвае светла-жоўты колер і крыху саладкаваты на смак. 

Густы, праўда, у грыбнікоў разыходзяцца. У грыбных чатах за замежнае паходжанне яго празвалі «натаўскім» . Натаўскі грыб дайшоў да Бабруйска, і бабруйскія грыбнікі сустракаюць яго з кошыкам.

Фота з адкрытых крыніц.

Чытайце таксама: “Вайна грыбоў” у лясах Усходняй Еўропы можа пакінуць нас без звыклых баравікоў

← Усе навіны Магілёва